У драмтэатры з’явілася новая рэжысёрка Аліна Сарокіна. Да гэтага жанчына працавала ў Смаленскім драмтэатры Грыбаедава. Цяпер Сарокіна рыхтуе навагоднюю пастаноўку «Шчаўкунок» — прэм’ера запланавана на сярэдзіну снежня, піша «Гродзенская праўда». Галоўнага рэжысёра ў драмтэатр шукаюць ужо паўтара года праз сайт вакансій.

Вучылася ў ГІТІС і працавала ў Смаленску: што вядома пра новую рэжысёрку

Згодна з Linkdin Сарокінай, у нулявых яна чатыры гады працавала памочніцай дэпутата ў расійскай дзярждуме. Пасля стала мэнэджаркай па рэкламе. У наступныя гады дзейнасць Сарокінай была звязана ўжо з тэатрам.

Сарокіна скончыла ГІТІС, а пасля ўладкавалася ў Смаленскі тэатр, дзе прапрацавала 10 гадоў. Па словах Сарокінай, пастаноўкі Гродзенскага драмтэатра яна бачыла і раней — спектаклі ёй «вельмі спадабаліся».

Улетку Сарокіна пагутарыла з дырэктарам драмтэатра Вольгай Багдановіч — пасля размовы «вырашыла паспрабаваць сябе» ў рабоце.

У Гродне Сарокіна ўжо некалькі месяцаў - знаёміцца ​​з горадам. У сваіх будучых пастаноўках хоча надаць увагу гісторыі, а таксама адлюстраваць яе так, каб яна была зразумелая гледачу, «улічваючы менталітэт і культурныя асаблівасці».

Першай пастаноўкай Сарокінай у Гродзенскім драмтэатры стане «Шчаўкунок». Прэм’ера запланавана на 13 снежня.

Пасля рэпрэсій 2020 года тэатру не хапала супрацоўнікаў

Падчас пратэстаў 2020 года ў Гродзенскім драмтэатры пачаліся чысткі.

20 верасня 2020 года затрымалі акцёра і рэжысёра-пастаноўшчыка, заслужанага артыста Сяргея Курыленку і яго жонку актрысу Валянціну Харытонаву. Іх калегі даведаліся аб затрыманні падчас спектакля. Яны выйшлі на сцэну і вырашылі не даігрываць пастаноўку. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя, прызнацца, хто прыдумаў спыніць спектакль. Актрыса Лізавета Мілінцэвіч звольнілася з тэатра. На Васіля Мініча і Натальлю Лявонаву склалі акты за адмову пісаць тлумачальныя.

Ужо 27 кастрычніка галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт і заслужаны артыст Сяргей Курыленка падпісалі загады на звальненне — іх звольнілі па артыкуле Працоўнага кодэкса за адмову ад выканання службовых абавязкаў.

У наступныя некалькі дзён з тэатра звонльнілі яшчэ як мінімум 10 супрацоўнікаў.

З сілавіка на чыноўніцу: кіраўнікоў таксама замянілі

Тады ў Гродзенскім драмтэатры пачалі шукаць замену супрацоўнікам. Новым рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў Сяргей Яскевіч. Прапанова з вакансіяй паступала і рэжысёру-пастаноўшчыку Цімафею Ткачову, які працаваў у Расіі і Казахстане.

Ткачоў адмовіўся ад пасады, аргументуючы тым, што не будзе «падтрымліваць злачынцаў, займаючы месцы рэпрэсаваных людзей».

Чытайце таксама: «Падпольным займацца цікавей». Незалежны тэатр у Гродне памёр, рэпертуар дзяржаўнага збяднеў