З Варшавы ў Гродна пусцяць дадатковы аўтобус, а на некаторыя рэйсы напрыканцы снежня ўжо павышаны попыт. Агрэгатар паездак “Атлас” распавёў, як адкрытыя КПП і зімовыя святы паўплываюць на рэйсы.

Яшчэ адзін рэйс з Варшавы ў Гродна

Гродзенскі аўтобусны парк пусціць дадатковы рэйс па маршруце Варшава—Гродна. Аўтобус будзе курсіраваць у “пікавыя” дні 19, 21, 23 і 26 снежня. Кошт квітка – 130 руб.

Пераразмеркаванне аўтобусных патокаў паміж КПП

Пасля адкрыцця ў лістападзе 2025 года «Брузгоў» і «Бераставіцы» перавозчыкам прыйшлося пераарыентавацца. Справа ў тым, што перасякаць пагранпункты аўтобусы могуць толькі ў тым выпадку, калі ў іх ёсць дазвол.

Па тэме: Што беларусы думаюць аб пераразмеркаванні аўтобусаў паміж КПП?

Цяпер перавозчыкі, у якіх ёсць дазвол на праезд праз «Брузгі» ці «Бераставіцу», больш не змогуць праязджаць у пункце пропуску “Брэст”. Гэта не закране перавозчыкаў, у якіх былі дазволы на праезд у гэтым пункце.

Білеты Беласток—Гродна практычна раскуплены

«Атлас» паведамляе, што на рэйсы Варшава—Гродна і Варшава—Мінск назіраецца падвышаны попыт. Білеты на 23-24 снежня з Беластока ў Гродна “практычна разабраны”. Білеты з Вільні ў Беларусь пакуль у наяўнасці.

Агрэгатар паездак дадае, што напярэдадні свят “90% перавозчыкаў пакінулі кошт міжнародных паездак на ранейшым узроўні”. Ёсць прапановы білетаў Мінск—Варшава, Мінск—Беласток і Гродна—Беласток за 100 руб.

Паводле інфармацыі “Атласа”, праходжанне мяжы з Польшчай і Літвой займае “некалькі гадзін”. Аднак спрагназаваць сітуацыю напярэдадні свят агрэгатар не можа.

Чытайце таксама: З Гродна па пакупкі ў Беласток: што прапануюць турфірмы пасля адкрыцця мяжы — ёсць і візавая падтрымка