Недалёка ад Парэчча, каля вёскі Рыбніца, жыхары самастойна добраўпарадкавалі мясцовы вадаём. Праўда, працы не ўзгаднілі з уладамі. Раённая газета «Перспектыва» раскрытыкавала ініцыятыву і назвала яе самаўпраўствам. Мясцовых жыхароў прадставілі як «рыбніцкіх працароў», якія «цішком гаспадарылі» ўначы. Пазней выданне выбачылася. А ўлады на нядаўняй сустрэчы з жыхарамі паабяцалі дапамагчы ўзаконіць працы на возеры.

Артыкул пра сітуацыю выйшаў у 92-м нумары газеты «Перспектыва» за 22 лістапада. Выданне расказвала, што каля вёскі Рыбніца ў лясным масіве ёсць невялікае возера — былы пажарны вадаём. Летам гэтага года ініцыятыўныя жыхары добраўпарадкавалі яго. Праўда, рабілі, як умелі, і дазволу ў мясцовых улад не бралі: спілавалі дрэвы на беразе, змайстравалі і ўсталявалі столік, а таксама збіраліся зарыбіць возера. Першапачаткова ні мясцовая ўлада, ні стараста вёскі не ведалі, хто ўсё гэта арганізаваў.

Крытыка добраўпарадкавання і незадаволенасць мясцовай улады

Раёнка пісала, што вяскоўцы «займаліся гэтым, мяркуючы па ўсім, цішком і ў цёмны час сутак, каб не прыцягваць увагу». Гэтым засталіся незадаволеныя старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч, прадстаўнікі райвыканкама і інспекцыі прыродных рэсурсаў. Па словах старшыні, вяскоўцы ачысцілі бераг і змянілі яго схілы.

Ён таксама сказаў выданню, што ўлада гатова весці дыялог, але працы павінны праводзіцца законна: забаронена высякаць дрэвы і паглыбляць дно. Ён паабяцаў, што дзеянням жыхароў дадуць прававую ацэнку адпаведныя службы.

Жыхары прызналі парушэнні, улады паабяцалі дапамогу, раёнка выбачылася

І вось нядаўна (канкрэтную дату ў тэксце не называюць — Hrodna.life) прайшла сустрэча жыхароў вёсак Рыбніца, Сабаляны са старшынямі райсавета Ігарам Лябецкім і Парэцкага сельвыканкама Андрэем Мацкевічам.

Інтарэсы жыхароў прадстаўляў Андрэй Гаўрылік з Рыбніцы. Ён сказаў, што вяскоўцы прызналі парушэнне закона, але пасля рэзкай публікацыі ў дзяржаўным выданні баяліся звяртацца ў сельвыканкам.

Старшыня сельсавета праз старасту запрасіў іх на сустрэчу. Людзей паабяцалі не штрафаваць. Прапанавалі пісьмова звярнуцца ў Парэцкі сельвыканкам з хадайніцтвам аб уключэнні вадаёма ў межы вёскі, каб узаконіць яго размяшчэнне. Пасля гэтага жыхары змогуць падаць заяўку на ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Трэба падрыхтаваць сваё бачанне добраўпарадкавання і яго праект. На гэта выдзелілі грошы з бюджэту.

Озеро Рыбница
Возера ў вёсцы Рыбніца. Фота: proregion24.by

Што яшчэ прасілі мясцовыя ва ўлад

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады жыхары ўзнялі і іншыя пытанні — напрыклад, арэнды спартыўнай залы ў будынку былой Рыбніцкай школы. Але аказалася, што аб’ект ужо прададзены прыватным уладальнікам. Ігар Лябецкі паабяцаў перагаварыць з уласнікам і паглядзець, ці можна наладзіць доступ для вяскоўцаў. Ён жа ўзяў на кантроль і пытанне пошуку месца для правядзення сельскіх сходаў.

Акрамя таго, абмяркоўвалі падаўжэнне маршрутак да Сабалянаў і асфальтаванне вуліц.

А раённая газета пазней прынесла прабачэнні жыхарам за рэзкі артыкул.