У пачатку снежня выданне Onliner распавяло пра дом у мікрараёне Фолюш — яго жыхары скардзіліся, што кватэры не падлучаныя да камунікацый. Пры гэтым дом здалі ў эксплуатацыю летам. «Гродна Плюс» адрэагавала на скаргі гродзенцаў і абвінаваціла іх «нецярплівай раздачы інтэрв'ю».
Дом здалі ў жніўні, да снежня камунікацыі яшчэ не былі падключаны
Дом, куды не праводзяць камунікацыі некалькі месяцаў, знаходзіцца на вуліцы Якубоўскага, 19. «Гроднажылбуд» скончыў будаўніцтва 30 чэрвеня, да канца жніўня дольшчыкі атрымалі пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі нерухомасці. Па словах жыхара Дзяніса, падключыць «усе камунікацыі забудоўшчык абяцаў да кастрычніка».
Але з надыходам зімы сітуацыя не змянілася. З-за гэтага гродзенцы не могуць ні засяліцца, ні працягнуць рамонтныя працы — у снежні ў кватэрах стала занадта холадна.

Праблема — у адсутнасці старшыні
Дольшчыкі складалі калектыўныя звароты і прасілі падключыць «дом да неабходных інжынерных сетак». Аказалася, што прычына затрымкі ў адсутнасці ў дома старшыні. Яго прызначылі амаль праз тры месяцы пасля здачы новабудоўлі ў эксплуатацыю.
Паводле інфармацыі Onliner, у «доме нядаўна з’явілася электрычнасць», а з уласнікамі заключылі дамовы па ЖКГ. Але жыроўкі гродзенцы пакуль не атрымалі.
Дзяржмедыя: «Жыхары павінны былі самі абраць старшыню»
Пасля публікацыі Onliner, «Гродна Плюс» заявіла, што «новабудоўля адносіцца да ЖБВК (Жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў), значыць жыхары павінны былі самі абраць старшыню».
У Беларусі ёсць некалькі формаў валодання шматкватэрнымі дамамі. Акрамя ЖБСК, ёсць таварыства ўласнікаў - такія фарматы валодання прадстаўляюць юрыдычную асобу, прызначаную на агульным сходзе ўласнікаў.
Калі такі варыянт жыхарам не падыходзіць, адміністрацыя раёна выбірае ўпаўнаважаную асобу — тады абслугоўваннем такіх дамоў займаецца ЖЭУ (жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне).
Упаўнаважаную асобу для дома прызначылі ў верасні 2025 года — новабудоўлю перадалі УЖРЭПу Кастрычніцкага раёна. З 1 снежня дом падключылі да электразабеспячэння. Цяпло і водазабеспячэнне, верагодна, з’явяцца «пасля 7 снежня».
«Замест падзякі за тое, што адміністрацыя вырашыла сітуацыю, жыхары дома нецярпліва раздаюць інтэрв'ю, абвінавачваючы ў непаваротлівасці ўсіх, акрамя сябе», — адзначылі ў публікацыі «Гродна Плюс». Медыя таксама паабяцала дапоўніць навіну «сюжэтам здымачнай групы» 8 снежня.
Чытайце таксама: Улады паставяць відэаназіранні над кантэйнерамі для збору буйнога смецця



