Пасажырскія і грузавыя судны рыхтуюцца да зімовай стаянкі - канчаткова ўвесь флот спыніць рух з 15 снежня. Тым часам спецыялісты паглыбляюць дно Нёмана, паведамляе ТРК «Гродна».
Рух на Аўгустоўскім канале, а таксама на большасці вадаёмаў спыніўся. На зімовых стаянках будуць рамантаваць судны і складаць графікі на будучы год — рух адновіцца ранняй вясной, з надыходам першага цяпла.
Цяпер кампанія «Белводшлях» ачышчае дно і паглыбляе рэчышча Нёмана. Адмысловы плывучы кран у раёне Новага маста дастае са дна пясок і камяні - іх вывозяць на баржы.
Што адбываецца з ракой Нёман?
Паводле інфармацыі ТРК «Гродна», у гэтым навігацыйным сезоне «ўзровень вады ў Нёмане быў стабільным». Паказчыкі трымаліся на «сярэдніх шматгадовых адзнаках і не перашкаджалі суднаходству» — каля 115 см, сведчаць паказчыкі Гродзенскага гідрапаста.
Згодна з графікам гідрапаста, з верасня 2025 года назіраецца рост узроўню вады ў рацэ — з 47 см восенню да 108 см у снежні.
У цэлым жа з-за кліматычных змен узровень вады ў Нёмане штогод зніжаецца, улетку дасягаючы крытычнай адзнакі для суднаходства. У сакавіку 2022 года з-за адсутнасці дажджоў узровень вады на Нёмане ўпаў амаль удвая. У жніўні таго ж года ўзровень вады ў Нёмане пад Гроднам складаў 61 см. У 2022 цеплаход «Вольга Соламава» давялося перагнаць на Аўгустоўскі канал.
З сярэдзіны траўня 2023 года ўзровень вады ў Нёмане каля Гродна зноў быў на небяспечна нізкай адзнацы. У чэрвені ён дайшоў да 55 см. Асцерагаліся нават праблем з водазабеспячэннем у прылеглых да ракі населеных пунктах, запаволенні прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Спад вады таксама фіксавалі ў 2024 годзе.
Чытайце таксама: Па Нёмане з «Вольгай Соламавай». Як вінтажны цеплаход катаў гродзенцаў на дачы, у Друскенікі і проста па рацэ


