Недалёка ад Ваўкавыска, паміж вёскамі Лічыцы, Калантаі і Скураты, на мясцовых могілках разбураецца ўнікальная 400-гадовая драўляная царква. Нядаўна да мясцовых уладаў паступіў зварот: людзі прасілі надаць рэшткам храма статус гісторыка‑культурнай каштоўнасці. Аднак зрабіць гэта цяжка — з-за нездавальняючага стану руін. Улады паспрабавалі «прыстроіць» царкву ў музей народнай архітэктуры і побыту, але і гэтая спроба пакуль не мела поспеху.

Троіцкая царква была пабудавана ў XVII стагоддзі. Яна на 127 гадоў старэйшая за драўляны лямус, які знаходзіцца на тэрыторыі Брыгіцкага касцёла ў цэнтры Гродна. Нядаўна гісторыкі ўдакладнілі дату пабудовы драўлянага храма ў гэтай мясцовасці — 1642 год.

Першапачаткова ён знаходзіўся там, дзе зараз узвышаецца Крыжаўзвіжанская царква паміж вёскамі Лічыцы і Калантаі. Каменны храм пабудавалі ў 1871 годзе. Нейкі час дзве царквы — старая драўляная і новая каменная — стаялі побач. У драўляным храме захоўвалася напрастольнае Евангелле 1858 года, падоранае імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай у 1864-м. Пазней, у 1871 годзе, святыню перанеслі ў новы каменны храм.

Деревянная церковь Волковыск
Драўляная царква паміж вёскамі Лічыцы, Калантаі і Скураты. Фота: grodnonews.by

На пачатку ХХ стагоддзя драўляны храм перамясцілі на могілкі і сталі выкарыстоўваць як капліцу. З гадамі царква страціла сваё значэнне, а затым і саму форму. Сёння ад яе засталіся толькі руіны, распавядае «Гродзенская праўда».

Абследаванне драўлянай царквы археолагамі

У ліпені гэтага года археолагі аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі Леанід Каледзінскі і Наталля Пачобут у рамках экспедыцыі правялі абследаванне драўлянай царквы. Упершыню знялі яе план. Даўжыня пабудовы складае 15 метраў, шырыня — амаль 10 метраў.

Спадчына, якая знікае. Пад Ваўкавыскам руйнуецца ўнікальная драўляная царква, і выратаваць яе, здаецца, не атрымаецца

Драўляная царква паміж вёскамі Лічыцы, Калантаі і Скураты. Фота: grodnonews.by

Спробы захаваць царкву

У Ваўкавыскі райвыканкам не так даўно звярталіся з прапановай надаць руінам царквы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, каб захаваць унікальную спадчыну рэгіёна. Спецыялісты адзначылі, што рэшткі царквы знаходзяцца «ў нездавальняючым стане». Аб’ект патрабуе дадатковага прафесійнага абследавання і заключэння аб магчымасці захавання і кансервацыі.

— Звязваліся з Нацыянальнай акадэміяй навук, каб вырашыць пытанне з музеем народнай архітэктуры і побыту і прапанаваць варыянт пераносу царквы туды. Што далей, пакуль цяжка сказаць. Царква ў вельмі цяжкім стане, і ўключыць яе ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны не ўяўляецца магчымым, па той прычыне, што там, па сутнасці, уключаць асабліва ўжо і няма чаго, на жаль. Наколькі я ведаю, гісторыкі НАН, якія туды выязджалі, убачылі, што перанесці для захаванасці можна толькі акно як узор драўлянага дойлідства, — расказаў галоўны спецыяліст аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Сяргей Урбановіч.