У Гродне на скрыжаванні вуліц Астроўскага і Дзяржынскага ля гістарычнага цэнтра пачалася забудова новага квартала. Але замест сучаснай архітэктуры тут з’явяцца тыповыя панэльныя дамы, што ўжо выклікае незадаволенасць гараджан. Забудова будзе складацца з шасці шматпавярховых дамоў вышынёй ад 6 да 10 паверхаў, у якіх будзе 570 кватэр. Забудоўшчык — «Гроднажылбуд», расказвае «Наша Ніва».

З улікам выдатнага размяшчэння, кватэры хутка распрадалі па цэнах ад 2750 да 3000 рублёў за квадратны метр (каля $ 900—$ 1000).

Гэта самыя дарагія кватэры ад «Гроднажылбуда», якія былі ў продажы сёлета. У аддаленым ад цэнтра мікрараёне Грандзічы квадратны метр у той жа час каштаваў ад 2070 да 2550 рублёў. У мікрараёне Вясенні, які знаходзіцца побач з лесапаркам «Пышкі» і Нёманам, квадратны метр быў па 2600—2700 рублёў.

Той факт, што ў самым цэнтры Гродна будуюць квартал з банальнымі панэльнымі дамамі, падабаецца не ўсім.

«Чарговая жылбудаўская панэлька ў колерах вясёлкі. Найміце, калі ласка, сучаснага дызайнера. Ціхі жах», — напісаў адзін з карыстальнікаў пад допісам у акаўнце NewGrodno ў інстаграме.

«Праект гэтага жылля створаны ў 90-я гады мінулага стагоддзя!!! Такія дамы ў спальных раёнах выглядаюць жахліва. Для цэнтра горада можна і больш сучаснае будаваць жыллё», — дадае іншы.

«І гэтым забудоўваюць цэнтр горада… Божа, схадзіце ў госці да забудоўшчыка, які ўзвёў дом на Цітова, 14. Паглядзіце, як можна будаваць», — абураецца яшчэ адзін каментатар.

Мікрараён Грандзічы ў Гродне. Новае жыллё - кватэры ў спальных раёнах Гродна.
Мікрараён Грандзічы ў Гродна. Ілюстрацыйнае фота з архіва Hrodna.life

Альтэрнатыўны прыклад: дом на вуліцы Цітова, 14

Дом на Цітова, 14 — сучасны сяміпавярховы маналітны дом на 56 кватэр. Увесну 2020 года на этапе будаўніцтва квадратны метр у ім прадаваўся за $ 980—$ 990. Нягледзячы на высокую цану, усе кватэры распрадалі яшчэ да завяршэння будаўніцтва.

Цяпер у гэтым доме прадаюць кватэру без рамонту за $ 129 тысяч, што складае $ 1585 за квадратны метр.

Вид из квартиры на Титова 14.
Дом на Цітова. Фота: shoprealty.by

Параўнанне і меркаванне краязнаўцы

Гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Ян Супрон, які шмат гадоў змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна, называе такую забудову ў цэнтры жахлівай.

«Людзі ва ўладзе жывуць згодна з савецкімі стандартамі. Кожнае савецкае пакаленне нешта сапсавала ў горадзе. Былі хрушчоўкі, потым брэжнеўкі… І калі ў краінах Усходняй Еўропы пасля развалу СССР перайшлі да будаўніцтва ў еўрапейскім стылі і панэлькі перасталі быць моднымі, то ў Беларусі захавалася савецкая традыцыя будаўніцтва.

Цяпер, калі непадалёк ад цэнтра будуюць панэльныя дзесяціпавярховікі і пішуць, што гэта будзе жыллё з вынасам аўтамабіляў за межы квартала, то мне проста незразумела, як можна будаваць сучаснае жыллё без падземнага паркінгу".

Краязнаўца кажа, што ў цэнтры мала месца, зямля даражэйшая, таму ў цэнтральнай частцы гарадоў звычайна будуюць больш дарагое жыллё. А ў гэтым выпадку ўзводзяць шараговыя высоткі без магчымасці нармальна запаркаваць машыну.

«Панэлькі падбіраюцца да цэнтра». Новы квартал у Гродне крытыкуюць жыхары і краязнаўцы
8‑павярховы дом у раён перасячэння вуліц Астроўскага і Дзяржынскага. Фота: newgrodno.by

Панэлькі замест канцэпцыі: улада будуе па савецкіх стандартах

«Ранейшыя краявіды сапсаваныя. Глядзіш на гістарычны цэнтр і бачыш, як з-за касцёлаў паўсюль тырчаць гэтыя „свечкі“. У мясцовых уладаў няма ніякай канцэпцыі і ніякага разумення, як трэба забудоўваць прастору побач з цэнтрам», — адзначае Супрон.

Адной з прычын, чаму ў тым ліку архітэктары не прыдумляюць нічога цікавага, гісторык называе навучанне па савецкіх стандартах.

«Панэлькі падбіраюцца да цэнтра». Новы квартал у Гродне крытыкуюць жыхары і краязнаўцы
Пример современной застройки в центральной части Вильнюса. Район Paupys. Фото: «Наша Ніва»

«Архітэктары вучацца па савецкіх падручніках, яны захраслі ў той эпосе, таму і будуюць адпаведна. У Мінску сітуацыя крыху лепшая, а тое, што цяпер будуюць у абласных гарадах, гэта архітэктура 1980-х».

Суразмоўца адзначае, што цяпер у Еўропе існуе трэнд на будаўніцтва трох-пяціпавярховых дамоў з падземным паркінгам і зялёнымі зонамі. У Беларусі ж амаль паўсюль будуюць тыповыя шматпавярховыя дамы, і адной з праблем Гродна можна назваць тое, што такія спальныя кварталы ўсё бліжэй падбіраюцца да цэнтра горада.