Літоўскія перавозчыкі, чые фуры да гэтага часу знаходзяцца ў Беларусі, плануюць $ 10 $ снежня правесці акцыю пратэсту ў Вільні. У той жа час МЗС Літвы патрабуе ад Беларусі вярнуць фуры, а беларуская ўлада ўводзіць новыя правілы для фур з трох краін.
Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбываецца з літоўскімі грузавікамі, якія захраслі ў нашай краіне.
Колькі грузавікоў застаецца ў Беларусі
Паводле інфармацыі Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў «БАМАП», у Беларусі зараз застаюцца 1880 літоўскіх цягачоў і 2500−3000 паўпрычэпаў, паведамляе літоўскае выданне delfi.lt.
У мінулыя выхадныя прэзідэнт літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас разам з некалькімі перавозчыкамі пабываў у Беларусі. Літоўцы наведалі ў тым ліку і Котлаўку, дзе зараз знаходзіцца каля $ 400 $ літоўскіх фур. Як адзначыў Мікенас, кожны з іх — гэта замарожаная праца кампаніі і страчаныя даходы сем’яў. Умовы на пляцоўцы нядрэнныя, ёсць душы і гандлёвая кропка, але гэта не мяняе сутнасці: літоўскі транспарт вымушаны прастойваць.
Колькі грошай страцілі літоўскія грузаперавозчыкі
«Паводле беларускіх законаў, калі транспарт стаіць на пляцоўках больш за чатыры месяцы, яго канфіскуюць. Гэта значыць, што кампаніі рызыкуюць пазбавіцца сваёй маёмасці», — акцэнтаваў Мікенас.
Кожны дзень прастою на беларускім баку каштуе $ 120 $ еўра за аўтамабіль. Паводле звестак аддзела расследаванняў LRT, калі літоўскія кампаніі не аплоцяць гэтыя сумы, беларускія ўлады змогуць спагнаць грошы праз літоўскія суды.
Літва да гэтага часу не скасавала дамову аб прававой дапамозе з Беларуссю, падпісаную ў $ 1992 $ годзе. Па ёй рашэнні беларускіх судоў аўтаматычна перадаюцца ў Літву для выканання. Падобнае пагадненне з Расіяй літоўскі Сейм адмяніў летась. Пры гэтым Беларусь яшчэ ў $ 2022 $ годзе ўказам прэзідэнта перастала выконваць рашэнні літоўскіх судоў.
У выніку беларускія судовыя рашэнні ў Літве прызнаюцца законнымі без перагляду. Паводле звестак LRT, за тры апошнія гады большасць такіх рашэнняў было выканана. Таму тэарэтычна літоўскія грузавікі могуць быць канфіскаваны ў кошт аплаты прастою, калі кампаніі не пакрыюць доўг перад беларускім бокам.
Пры гэтым, напрыклад, новы міністр транспарту Юрас Тамінскас у эфіры LRT заяўляў, што Беларусь «не з’яўляецца часткай цывілізаванага свету» і парушае міжнароднае права, каментуючы праблемы літоўскіх перавозчыкаў на мяжы.
На дадзены момант, па словах Мікенаса, страты літоўскіх перавозчыкаў растуць штодзённа і ўжо набліжаюцца да 100 млн еўра.

Літоўскія перавозчыкі збіраюцца пратэставаць у Вільнюсе
Эрландас Мікенас паведаміў, што 10 снежня ў Вільні плануецца акцыя пратэсту.
Паводле яго слоў, перавозчыкі падалі заяўку на правядзенне мірнай акцыі, таму што тыя, хто не ўваходзіць у «Лінаву», хацелі блакаваць дарогі. Асацыяцыя вырашыла арганізаваць пратэст сама, каб пазбегнуць больш радыкальных дзеянняў і забяспечыць парадак.
«Перавозчыкі не займаюцца палітыкай, нам падыходзяць любыя меры, якія дапамогуць вярнуць транспарт», — сказаў Мікенас. Асацыяцыя аб’ядноўвае больш за 700 дробных літоўскіх перавозчыкаў.
Вільня патрабуе, каб Мінск спыніў гібрыдныя атакі і адпусціў фуры, якія захраслі
У чацвер, 4 снежня, часовага паверанага пасольства Беларусі выклікалі ў МЗС Літвы і ўручылі яму ноту пратэсту. Прычына — працяглы паток метэазондаў з кантрабандай з Беларусі, які літоўскія ўлады лічаць гібрыднай атакай. Гэтыя прылады замінаюць працы Віленскага аэрапорта. Літва таксама выказала незадаволенасць тым, што Беларусь па-ранейшаму не выпускае літоўскія фуры.
У паведамленні МЗС гаворыцца, што Беларусь абавязана выконваць міжнародныя дамоўленасці і неадкладна ўзмацніць кантроль над сваёй паветранай прасторай і мяжой, каб прадухіліць падобныя інцыдэнты.
Літва папярэдзіла, што калі Беларусь не адрэагуе, яна звернецца ў міжнародныя арганізацыі з інфармацыяй аб пагрозах для міжнародных перавозак праз Беларусь. З-за пагрозы ад метэазондаў у сераду, 3 снежня, часова спынілі працу Вільнюскага аэрапорта.

Беларусь уводзіць новыя правілы для літоўскіх грузавікоў
У той жа час урад Беларусі ўвёў новае правіла для грузавікоў з Латвіі, Літвы і Польшчы: з $ 14 $ снежня ім будзе забаронены ўезд у Беларусь без спецыяльных навігацыйных пломбаў.
Навігацыйныя пломбы — гэта электронныя прылады, якія мацуюць на груз або транспарт, каб дыстанцыйна адсочваць маршрут. Цяпер іх абавязаны ўсталёўваць на фуры, якія ўвозяць тавары ў Беларусь з трох названых краін, а таксама на пустыя грузавікі, зарэгістраваныя ў ЕС. Пломбы спатрэбяцца і для транспарту, які парушае правілы перамяшчэння па тэрыторыі Беларусі — гэта датычыцца грузавікоў, цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў з ЕС.
Але ёсць і выключэнні: пломбы не патрэбныя фурам з Латвіі, Літвы і Польшчы, калі яны вязуць тавары ў Беларусь з Калінінградскай вобласці. Без пломбаў могуць ехаць і грузавікі, якія ўвозяць тавары праз беларуска-расійскую мяжу, а таксама транспарт, што дастаўляе міжнародную пошту.
Нагадаем, Кабінет міністраў Літвы закрыў мяжу з Беларуссю 26 кастрычніка. Прычына — аэрастаты з цыгарэтамі, якія запускаюць кантрабандысты. Праз тры дні ўлады суседняй краіны абвясцілі, што абмежаванні працягнуцца як мінімум месяц — да 30 лістапада — але з выключэннямі для асобных катэгорый падарожнікаў. Цалкам спыніў працу пункт пропуску Шальчынінкай — Беняконі. У той жа час на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця двух пунктаў пропуску захраслі больш за 1200 літоўскіх фур. Бакі спрабавалі вырашыць «грузавы крызіс», але сітуацыя толькі абвастралася.
20 лістапада Літва датэрмінова адкрыла два пункты пропуску, але літоўскія грузавікі ўсё роўна застаюцца ў Беларусі.



