Музейны пакой размесцяць на базе Скідзельскага лясніцтва — кіраўніцтва мяркуе, што гэта дапаможа развіць турыстычны патэнцыял дэндрапарку. У экспазіцыю ўвойдуць бензапіла, 15-гадовая шкура бабра і архіўныя фота, піша «Перспектива».
Плануецца, што экспазіцыя музея раскажа аб развіцці лясной гаспадаркі. Таксама экспанаты будуць дэманстраваць маладым супрацоўнікам, каб яны ўжывую пазнаёміліся са сваёй спецыяльнасцю.
«Мы плануем развіваць турыстычны напрамак, узмацняем прафарыентацыйную работу, удасканальваем экалагічны маршрут па дэндрапарку», — адзначыла намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Скідзельскага лясгаса Дар’я Місюкевіч.
Для музея ўжо сабралі першыя экспанаты. Імі стануць бензапіла «Урал-2 Электрон» 80-х гадоў выпуску, шкура бабра, а таксама архіўныя фотаздымкі - іх прадаставіў ляснічы Азёрскага лясніцтва Валянцін Кунац. Валянцін працаваў у лясгасе з 1985 года, таму ў яго захавалася шмат фота. Напрыклад, ёсць здымак, дзе ляснічы праводзіць інструктаж па тэхніцы бяспекі, на тым жа фота ёсць трактар ЛКТ-25 — навінка тых гадоў.
Скідзельскі дэндрапарк размясцілі ў 2011 годзе на беразе возера. На плошчы 4,2 га расце больш за 80 відаў раслін, у тым ліку рэдкіх. Таксама ўстаноўлены памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам, адкрыта экалагічная сцежка і закладзены памятныя алеі.
Чытайце таксама: Гісторыя гродзенскага леспарка, у якім жылі маманты, савецкія піянеры і Эліза Ажэшка



