Скідзельскі лясгас будзе прадаваць навагоднія ялінкі ў Гродне з 20 да 30 снежня. Для гараджан арганізуюць пяць ёлачных кірмашоў, яшчэ два — у Скідзелі. Таксама ў Гродне стартаваў прыём заказаў на арэнду ёлак. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, з чаго можна выбраць і ў колькі гэта абыдзецца.
Дзе можна будзе купіць навагоднюю елку ў Гродне
Гандлёвыя кропкі Скідзельскага лясгаса ў Гродне будуць працаваць па наступных адрасах:
- вул. Агінскага, 22 (каля гіпермаркета «Алмі»),
- праспект Касманаўтаў (каля аўтавакзала),
- вул. Брыкеля, 10 (побач з магазінам «Лімож»),
- вул. Стралковая, 21 (каля «Еўраопт»),
- на паркоўцы ГЦ «OldCity» па вул. Дубко, 17.
У Скідзелі набыць ёлкі можна будзе на вул. Карла Маркса, 97 (лясніцтва) і вул. Дзяржынскага, 41 (будынак пажарна-хімічнай станцыі). Лясгас таксама адкрые кропкі ў вёсцы Парэчча (вул. Палякова, 25), у аграгарадку Азёры (вул. Савецкая, 26/2), у вёсцы Новая Руда, у вёсцы Бераставіца і ў вёсцы Лунна (вул. Шарамета, 17) — усе на базе мясцовых лясніцтваў.
Цэны на елкі ад Скідзельскага лясгаса:
- Да 1 м — 13 руб.
- Да 2 м — 16,20 руб.
- Да 3 м — 26 руб.
- Да 5 м — 35,80 руб.
- У гаршку да 0,5 м — 10,80 руб.
- У гаршку ад 0,51 да 1 м — 16,20 руб.
- Навагоднія букеты — 5,30 руб.
Ёлачныя кірмашы будуць працаваць кожны дзень з 11:00 да 19:00.
Дзе можна арандаваць навагоднюю елку ў Гродне
У Гродне, як і раней, можна ўзяць елку напракат. Гродзенскі праект «ЭкаЕлачка» пачаў прыём заказаў. Пасля святаў елку не трэба ні выкідваць, ні шукаць дзе пасадзіць — яе забяруць на плантацыю і будуць даглядаць дрэва да наступнага Новага года.
Для атрымання елкі трэба запоўніць форму замовы на сайце або патэлефанаваць +375−29−282−01−01 з 9:00 да 13:00 без выхадных. У 2025 годзе дастаўкі ёлак будуць з 13 па 31 снежня. Зваротны збор у Гродне пройдзе з 2 па 20 студзеня. Таксама замовіць у арэнду елку змогуць і мінчане. Цэны ў Гродне — ад 60−70 рублёў.



