У аўторак, 2 снежня, на партале Дзяржаўнай службы занятасці з’явілася вакансія з заробкам у 40 тысяч рублёў. Гродзенскі мясакамбінат шукаў намесніка генеральнага дырэктара па камерцыйнай дзейнасці.

На аб’яву звярнула ўвагу выданне «Смартпрэс». Пасля выявілася, што ў вакансію закралася памылка — быў пастаўлены лішні нуль. Але пакуль аб’ява была актуальная, на Гродзенскі мясакамбінат пачалі масава паступаць званкі ад жадаючых пазмагацца за пасаду, адзначае выданне.

У апісанні першапачатковай вакансіі (якую, дарэчы, выдалілі праз пару гадзін) было сказана, што ў прэтэндэнта павінна быць вышэйшая адукацыя і пяцігадовы досвед працы. Больш падрабязнасцяў не было.

Узамен ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» гатовы прапанаваць пастаянны характар працы. А таксама працу на цэлую стаўку і нібыта тыя самыя 40 тысяч рублёў.

"Людзі павалілі ракой". Гродзенскі мясакамбінат шукаў намесніка гендырэктара з акладам у 40 тысяч рублёў
Скрыншот першапачатковай вакансіі з памылковым заробкам у 40 тысяч рублёў, якую выдалілі

Але праз нейкі час выявілася, што гэта памылка і ў аб’яве проста напісалі лішні нуль. Памылковую аб’яву прыбралі. А на сайце службы занятасці з’явілася новая — але ўжо з рэальнымі лічбамі. Праўда, удакладняецца, што памер заробку будзе сфарміраваны па выніках сумоўя.

Што трэба будзе рабіць за 4 тысячы?

Ёсць гэтая ж вакансія і на сайце мясакамбіната і з правільнымі лічбамі. Там пазначылі крыху больш пра абавязкі будучага намесніка дырэктара.

Ён будзе кіраваць забеспячэннем прадпрыемства рэсурсамі і збытам прадукцыі, аналізаваць рынак і рабіць прагнозы, удзельнічаць у планаванні вытворчасці і экспарту. Таксама трэба выбіраць мэтавыя рынкі, заключаць дамовы з пастаўшчыкамі і пакупнікамі. А яшчэ кантраляваць выкананне планаў па продажах і прыбытку, а яшчэ займацца рэкламай прадукцыі, дадатковымі паслугамі і зніжкамі.