Збор для 9-гадовага гродзенца Вані Сцяцэнкі з цягліцавай дыстрафіяй Дзюшэна-Бэкера закрыты, паведаміў 1 снежня Следчы камітэт Беларусі. Суму, якой не хапала, пералічылі з арыштаваных рахункаў гродзенскіх блогераў, у дачыненні да якіх распачалі крымінальную справу.

«Дзякуючы сумесным намаганням праваахоўных органаў і кіраўніцтва Гродзенскай вобласці вырашана пытанне аб пералічэнні сумы, якой не хапала, з арыштаваных сродкаў падазраваных», — напісалі ў канале СК. Самі блогеры ў сацсетках не пракаментавалі перадачу грошай.

У Вані стаіць дыягназ міадэстрафія Дзюшэна — гэта спадчыннае захворванне, якое выклікае паступовае паслабленне цягліц. Для лячэння Вані неабходна было сабраць $ 2,9 млн. Следчыя адзначылі, што ўся Беларусь арганізоўвала дабрачынныя акцыі, кірмашы і розыгрышы, ахвяравала грошы.

Блогеры і іх розыгрыш

Улетку 2025 года дапамагчы Ване выклікаліся гродзенскія блогеры Яўгенія Тарасенка і Міхаіл Драгун. Міхал прапанаваў зладзіць «інтэрактыў», падчас якога людзі павінны былі «скідаць грошы на яго рахункі». Частку сродкаў абяцалі аддаць Ване, а яшчэ частку — выдаткаваць на падарункі людзям, «айфоны і машыны». На момант, калі Яўгенія і Міхаіл звярнуліся з прапановай, сям’я сабрала менш за 50% ад патрэбнай сумы.

У выніку блогераў затрымалі аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Паведамлялася, што «з 1,5 мільёна рублёў толькі 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатнія каля мільёна рублёў зрасходавалі на „прыгожае жыццё“ — паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні і іншыя забаўкі».

Крымінальная справа супраць блогераў

У дачыненні да блогераў следства ўзбудзіла крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праз трое сутак зняволення пад вартай блогераў выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

У новай публікацыі Следчага камітэта паведамляецца, што расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Чытайце таксама: «Па-чалавечы вельмі шкада». Маці хлопчыка, на лячэнне якога збіралі грошы блогеры з Гродна, выказалася пра іх затрыманне