У Навагрудку знайшлі ўчастак падмурку XVIII стагоддзя з валуннага каменя, у якім захавалася тагачасная цэгла. Яго знайшлі археолагі аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларус Наталля Пачобут і Леанід Каладзінскі, паведамляюць у Telegram-канале НАН Беларусі. 

Выяўлены камень — фрагмент ветранага цаглянага млына, які знаходзіўся на тэрыторыі раскопак. Таксама выяўлена частка млынавых жорнаў. Камень перададуць у Навагрудскі краязнаўчы музей.

Гродзенскія археолагі праводзілі раскопкі яшчэ ў нулявых

У канцы 1990-х гадоў на тэрыторыі Малога замка ў Навагрудку стаяў напаўразбураны млын – у пісьмовых крыніцах яго фіксавалі з XVIII стагоддзя. Млын працаваў аж да ХХ стагоддзя.

Цікавасць да аб’екта ўзрасла пасля таго, як мясцовы прадпрымальнік Пётр Сільвановіч вырашыў аднавіць млын і ператварыць яго ў турыстычны аб’ект. Перад будаўніцтвам трэба было правесці археалагічныя даследаванні. Кіраўніком раскопак стаў археолаг Яраслаў Звяруга, яму таксама дапамагалі выкладчыкі і студэнты “купалаўскай” ВНУ.

– Але падзеі разгарнуліся зусім нечакана. Пакуль ішлі перамовы наконт археалагічных раскопак, прадпрымальнік пачаў працу: выклікаў МНС, каб ачысціць руіны. Пад напорам вады астатнія сцены млына разваліліся. Калі мы прыехалі, на месцы быў роўны ўчастак, —распавёў «Гродзенскай праўдзе» прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык.

Пад пластамі зямлі знайшлі гісторыю, але раскопкі «замарозілі»

Археолагі знялі верхнія пласты зямлі і выявілі, што млын перабудавалі з былой абарончай вежы Навагрудскага замка.

– Вежу пабудавалі ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзя як яшчэ адзін дадатковы рубеж абароны Навагрудка. Да разбурэння замкавых збудаванняў прывялі вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай у XVII стагоддзі, затым Паўночная вайна. А ў XVIII стагоддзі яе рэшткі проста адаптавалі пад млын, – кажа Піваварчык.

Акрамя таго, археолагі даведаліся, што вежу збудавалі на ўжо абжытай тэрыторыі. Пад падмуркам знайшлі культурны пласт XI–XIII стагоддзяў – гэты перыяд называюць часам старажытнарускага Навагрудка.

У Навагрудку археолагі знайшлі падмурак XVIII стагоддзя (абноўлена)
Адзін з артэфактаў, знойдзены падчас раскопак. Фота: «Гродзенская праўда»

Археолагі знайшлі старажытнамангольскія шкляныя бранзалеты і каралі, ключы XI–XIII стагоддзяў і амфарную кераміку, якая сведчыла аб гандлёвых сувязях з Прычарнамор’ем.

– Гэта быў гарадскі квартал рамеснікаў. На пласце дамангольскага часу ўжо ў позняе Сярэднявечча паставілі абарончую вежу, а затым яе ператварылі ў млын. Стратыграфія прасочвалася ідэальна, – дадае Піваварчык.

У 2001 годзе раскопкі спынілі – памёр прадпрымальнік Пётр Сільвановіч. Новага інвестара не знайшлі. Раскоп закансервавалі і засыпалі.

Былы млын унікальны для Беларусі

Цяпер на месцы раскопак прыватная забудова. Падмурак млына застаецца некранутым пад зямлёй, сцвярджае Піваварчык. Частку знойдзеных артэфактаў захоўваюць ва ўніверсітэце, некаторыя з іх увайшлі ў экспазіцыю факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ.

Піваварчык дадае, што ў Беларусі не захавалася падобных ветраных млынаў — усе былі разбураны альбо часам, альбо людзьмі.

– Ёсць адноўленыя вадзяныя — напрыклад, пад Лідай, у Дворышчы. А гэты быў ўнікальным: стаяў на падмурку абарончай вежы. Другога такога ў Беларусі няма, – дадае спецыяліст.

У Навагрудку археолагі знайшлі падмурак XVIII стагоддзя (абноўлена)
Эскіз млына ў Навагрудку. Крыніца: «Гродзенская праўда»

Чытайце таксама: Археалагічныя раскопкі: навошта капаць у цэнтры сучаснага горада і як гэта трэба рабіць?