У Астравецкім раёне невядомыя знішчылі помнік у выглядзе мяча, усталяваны ў гонар герояў паўстання 1863−1864 гадоў, піша Telegram-канал «Спадчына».
Помнік зроблены ў выглядзе гранітнага мяча, напалову засаджанага ў зямлю. Яго усталявалі ў 2013 годзе ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёна, што на пад’ездзе да памежнага пункта «Катлоўка — Лаварышкі» на беларуска-літоўскай мяжы. Устаноўку прымеркавалі да 150‑годдзя паўстання і паставілі на прыватныя сродкі. На лязе быў выбіты пароль касінераў: «Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна…».
Помнік выклікаў вострую рэакцыю ў шэрагу прарасійскіх актывістаў і рэсурсаў. Яны заяўлялі, што ён пастаўлены незаконна, і патрабавалі ад мясцовых уладаў яго знесці. Тады ў Гродзенскім аблвыканкаме пацвердзілі, што манумент пастаўлены без узгаднення, але падкрэслілі, што зносіць яго не збіраюцца, нагадвае «Наша Ніва».
На месцы помніка цяпер знаходзіцца пляцоўка, якая зарастае травой. Reform.news удакладняе, што помнік быў знішчаны яшчэ ў 2023 годзе ці раней.


«Дадзены акт правамоцна разглядаць як антыхрысціянскі вандалізм, бо помнік змяшчаў выявы крыжоў — каталіцкага і праваслаўнага. Публічна на блюзнерства не адрэагавалі ні Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага касцёла, ні Лідская епархія Беларускай праваслаўнай царквы, у юрысдыкцыі якіх знаходзіцца тэрыторыя Астравецкага раёна», — напісалі аўтары паста Telegram-канала «Хрысціянская візія».
Чытайце таксама: Паўстанцкая ноч у Гродне: як сотня гродзенцаў хацела захапіць цягнік і ўцячы ў Парэчча



