Аўкцыён па продажы сядзібы ў Падароску не адбыўся. На таргі ніхто не зарэгістраваўся. Аўкцыён павінен быў прайсці 14 лістапада і пачынаўся з сумы ў 2 160 490 рублёў.

У лот уваходзіў комплекс аб’ектаў былой сядзібы па вул. Паркавай, 4: сама сядзіба, кузня, бытавыя памяшканні і хлеў.

Сядзібу планавалі здаць у арэнду да ліпеня 2075 года. Новы ўладальнік павінен быў пакрыць выдаткі на аўкцыён, атрымаць архітэктурна-планіровачнае заданне, дазвол на правядзенне праектна-пошукавых работ і будаўніцтва або змяненне прызначэння будынка.

Былыя ўладальнікі прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якія пазбавіліся яго праз суд, назвалі аўкцыён незаконным. Яны накіравалі прэтэнзію ў аддзел культуры Ваўкавыскага раёна з патрабаваннем «спыніць незаконнае валоданне і распараджэнне чужой маёмасцю». Незаконным яго робіць наяўнасць чужой маёмасці ў аб’екце продажу — шматфункцыянальныя павільёны. Іх павінны былі прыстасаваць пад аб’екты прыдарожнага сэрвісу: кафэ і магазін.

Тым часам прызначылі дату яшчэ аднаго аўкцыёну. Маёмасць на вул. Набярэжная, 2 паспрабуюць прадаць 17 снежня.