У прыгранічных чатах беларусы абмяркоўваюць верагоднае адкрыццё мяжы з Польшчай 17 лістапада. Адпаведную заяву зрабіла Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. Адны лічаць, што Баброўнікі і Кузніца запрацуюць пазней за пазначаную дату, іншыя — што сітуацыя зацягнецца з-за дзеянняў беларускага боку. Hrodna.life паглядзеў, што беларусы пішуць аб адкрыцці мяжы ў сацсетках.

«Будуць марынаваць»: беларусы пра дату адкрыцця мяжы

У адным з найбуйнейшых прыгранічных Telegram-чатаў «ГраницаBY Беларусь—ЕС» навіна з’явілася апоўначы 14 лістапада. У розных галінах карыстальнікі сумарна пакінулі больш за 120 станоўчых рэакцый.

У чаце цікавяцца, ці пачнуць пускаць праз Баброўнікі і Кузніцу апоўначы 17 лістапада. Пакуль польскі бок не агучыў дакладнага часу адкрыцця.

«Беларусы не пацвердзілі пакуль нічога, што яны таксама адкрыюць», — піша Alex.

«Адкрыюць канешне, але тут пытанне, калі менавіта. Паказальна будуць марынаваць», — мяркуе, як павядзе сябе беларускі бок, Vanfox.

Беларусы спадзяюцца на адсутнасць чэргаў

«Калі рэальна адкрыюць пункт пропуску 17 лістапада, дык як хутка змогуць паехаць туды рэйсавыя аўтобусы?» — цікавіцца Татьяна Гончаренко.

У абмеркаванні Таццяне тлумачаць, што «паедуць адразу, але толькі праз Баброўнікі».

«Наш кіроўца кажа, што ў іх дазволы прывязаныя да пункта пропуску, наўрад ці аўтобусы хутка размяркуюцца на два пункты», — тлумачыць Natalia.

Удзельнікі абмеркавання мяркуюць, што ў першыя дні пасля адкрыцця вялікіх чэргаў у Кузніцы і Баброўніках не назапасіцца. Але потым паток павялічыцца.

Кошты спадуць, падсадкі скончацца

«Яшчэ і кошты абваляцца. А яшчэ і прыкрыецца лавачка з падсадкамі. Алілуя!» — піша NoName.

«Чорны дзень календара ў бамбілаў аўтобусных — з-за таго, што разгрузяць Брэст ад пасажырапатоку — ніякіх табе больш падсадак за „пісят эўра“. Эх, як цяпер жонцы тлумачыць, што лета наступнае не на Мальдывах сустракаць давядзецца, а ў цешчы на ​​лецішчы», — выказваецца Kirill.

У Telegram-чаце галіны, прысвечаныя «Брузгам-Кузніцы» і «Бераставіцы-Баброўнікам», пакуль замарожаныя. Удзельнікі не могуць пакідаць там паведамленні. Тым не менш, навіна аб верагодным адкрыцці мяжы з’явілася ў абодвух каналах.

Чытайце таксама: Праз мяжу без чэргаў і па раскладзе. Што перашкаджае вярнуць цягнікі паміж Беларуссю і Польшчай?