Асуджанаму на 20 гадоў па «справе Аўтуховіча» палітзняволенаму Уладзіміру Гундару спатрэбіліся новыя, больш моцныя акуляры. Мужчына паскардзіўся на пагаршэнне зроку. Ён не ў стане нармальна чытаць і пісаць лісты, піша «Радыё Свабода».
З кастрычніка 2023 года Уладзімір Гундар знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4 на турэмным рэжыме.
Гэта ўжо другі раз за час зняволення, калі Уладзімір Гундар вымушаны мяняць акуляры на больш моцныя, паведаміла дасведчаная крыніца.
Ва Уладзіміра Гундара вышэй за калена ампутаваная адна нага. У зняволенні ён з 2020 года, у турме яму нязручна карыстацца пратэзам, і ён вымушаны перасоўвацца на мыліцах. Што ў турэмных умовах таксама з’яўляецца дадатковай праблемай.
У зняволенні ён вывучае Біблію, піша вершы. У лістах дзеліцца назіраннямі за прыродай, а таксама думкамі і ўспамінамі. Вынік разваг апошняга часу — цыкл запісаў пра важнасць жыцця.
«— На гэтай дзівосна-прыгожай зямлі жыву я, і яе моцна палюбіла душа мая, для мяне жыць на зямлі вялікае шчасце. Жыццё — скарб найдаражэйшы на зямлі і я ўдзячны Богу й лёсу за жыццё, дараванае мне. І я, не губляючы веры й мужнасці, жыву, скрозь змрок свой крыж цераз жыццё нясу, і ў кожным моцным і гучным стуку сэрца жыве цэлы сусвет незабыўных пачуццяў. Чалавек усё сваё існаванне шукае шчасце і радасьць, не разумеючы, што шчасьцем ён ужо валодае — жыццё і ёсць шчасце. Павінен радавацца, а ён усё шчасце і радасць шукае… Жыццё чалавека дзівосна прыгожае ў любых яго праявах: у шчасці і, нават, у бядзе, — найдаражэйшы скарб. А чалавек часта бывае няўдзячным. Любоў і каштоўнасць жыцця змалку трэба прывіваць».
Па справе Аўтуховіча Гундару прысудзілі 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 800 базавых велічынь штрафу (25 600 рублёў). Таксама яго абвінавацілі ў абразе пракурора Людмілы Герасіменка, якая прадстаўляла абвінавачанне па «справе Аўтуховіча». Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова яго прыгаварылі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем. Яго ўключылі ў спіс палітзняволеных, якія паводле стану здароўя знаходзяцца ў небяспечным стане. У 2023 годзе падчас знаходжання ў карцары гродзенскай турмы Уладзімір Гундар скардзіўся на страту слыху на адно вуха. Пазней слых часткова аднавіўся.


