У 2021 годзе ў адным з дзіцячых забаўляльных цэнтраў Гродна трохгадовы хлопчык зваліўся ўніз галавой з вышыні 3,5 метраў. Праз чатыры гады ў судзе Кастрычніцкага раёна разгледзелі пазоў маці да фірмы, якой належыць цэнтр, паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога суда.
Паводле матэрыялаў справы, дзіця, падымаючыся з другога на трэці ярус гульнявога лабірынта, звалілася з вышыні 3,5 метра — абрынуліся прыступкі. Ён ударыўся галавой аб драўляную цацку, якая знаходзілася ўнізе. Хлопчык атрымаў траўмы і праходзіў лячэнне ў Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.
Маці дзіцяці патрабавала кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 20 000 рублёў.
Прадстаўнік цэнтра прасіў адмовіць у пазове. Ён сказаў, што дзіця парушыла правілы наведвання, а бацькі яго недастаткова кантралявалі. Суд гэтыя довады адхіліў.
Суд улічыў доказы, дапытаў спецыялістаў і сведак і пастанавіў спагнаць з уладальніка цэнтра 7 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 542,75 рубля судовых выдаткаў, а таксама 120 рублёў дзяржаўнай пошліны.
Таксама суд устанавіў, што ўладальнік цэнтра не забяспечыў праверку тэхнічнага стану атракцыёна, а супрацоўнікі залы не сачылі за выкананнем правіл бяспечных паводзін наведвальнікамі. Акрамя таго, бацькам не прадаставілі інфармацыю пра правілы карыстання паслугамі забаўляльнага цэнтра, у тым ліку мінімальны ўзрост дзіцяці для бяспечнага наведвання.



