На польска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Цярэспаль» пачалі тэсціраваць новую сістэму кантролю ўезду і выезду грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС (Entry/Exit System, EES). Яна запрацавала ў Еўрасаюзе 12 кастрычніка. Беларусы паведамляюць у прыгранічных чатах, што з-за новаўвядзення праходжанне мяжы стала даўжэйшым. BGmedia распавядае, якія дадзеныя цяпер збіраюць польскія пагранічнікі.

Новую сістэму ўезду і выезду ў Еўрасаюз пачалі тэсціраваць у пункце пропуску «Цярэспаль» увечары 7 лістапада.

Новая сістэма кантролю ўезду і выезду ў Еўрасаюз Entry/Exit System (EES) — гэта аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС, і якія прыбываюць з кароткатэрміновымі візітамі. Яна замяняе штампоўку пашпартоў і з 12 кастрычніка фіксуе даныя падарожнікаў у электроннай базе, аўтаматычна падлічваючы, колькі дзён яны правялі ў Шэнгенскай зоне і колькі засталося з дазволеных 90 на працягу 180. Сістэма распаўсюджваецца і на беларусаў, якія прыязджаюць у краіны Шэнгену на кароткі тэрмін.

Новая сістэма кантролю ўезду і выезду ў Еўрасаюз

Entry/Exit System (EES) — гэта аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС, і якія прыбываюць з кароткатэрміновымі візітамі. Яна замяняе штампоўку пашпартоў і з 12 кастрычніка фіксуе даныя падарожнікаў у электроннай базе, аўтаматычна падлічваючы, колькі дзён яны правялі ў Шэнгенскай зоне і колькі засталося з дазволеных 90 на працягу 180. Сістэма распаўсюджваецца і на беларусаў, якія прыязджаюць у краіны Шэнгену на кароткі тэрмін.

Што зменіцца пасля ўвядзення новай сістэмы

Пры першым уездзе ў краіны ЕС пагранічнікі здымуць адбіткі пальцаў, зробяць фота і ўнясуць асноўныя даныя пра паездку. У некаторых пунктах з’явяцца тэрміналы самаабслугоўвання, дзе частку інфармацыі можна будзе ўвесці загадзя. Пры наступных паездках сістэма аўтаматычна зверыць біяметрыю і разлічыць астатнія дні знаходжання.

EES фіксуе дату і месца ўезду і выезду, асабістыя і біяметрычныя даныя падарожніка, якія захоўваюцца тры гады. Уезд магчымы са звычайным ці біяметрычным беларускім пашпартам — уладальнікі біяметрычных змогуць праходзіць кантроль хутчэй.

Новыя правілы не датычацца ўладальнікаў віду на жыхарства, доўгатэрміновых віз і транзітных пасажыраў (напрыклад, на маршруце Мінск — Калінінград). Для астатніх падарожнікаў, у тым ліку і беларусаў, якія здзяйсняюць кароткатэрміновыя паездкі, рэгістрацыя ў сістэме стане абавязковай.

Новую сістэму ўезду ў Еўрасаюз укараняюць, каб паскорыць праходжанне мяжы, спрасціць кантроль тэрмінаў знаходжання і павысіць бяспеку, прадухіляючы парушэнні візавага рэжыму.

Што кажуць беларусы

Адзін з карыстальнікаў прыгранічнага чата растлумачыў новаўвядзенні: «Новая сістэма праходжання мяжы. У пагранічніка тэлефон, у ім усталявана праграма:

  • фатаграфуецца пашпарт і ў іх у тэлефоне падгружаецца з базы;
  • фатаграфуецца віза, калі тып С;
  • фатаграфуецца ваш твар;
  • фатаграфуюцца адбіткі пальцаў (тут могуць не падгружацца з іх базы, тады трэба нанова іх адсканаваць у будцы)".

Сваім досведам падзяліліся і іншыя беларусы:

«Тыя, хто з картамі побыту (польскі від на жыхарства — Hrodna.life), праходзяць у адной чарзе, з шэнгенскімі візамі — у другую. У каго шэнген, робяць фота і здымаюць адбіткі. Калі мы праходзілі, сістэма завісала, не счытвала адбіткі, робяць па некалькі разоў, з-за гэтага доўга».

«Пытаюцца менавіта шэнген, не толькі тып С. Кожную візу пераправяраюць па некалькі разоў. Кудысьці адзвоньваюцца пастаянна. Ходзяць па чарзе, сканіруюць пашпарты, сканіруюць апаратам далоні прама ў чарзе. Бачылі, як бабулю тры разы да сябе ў будку з аўтобуса выклікалі. А вось нацыянальныя візы D увогуле без пытанняў — зірнуў і далей пайшоў. Аднаго чалавека з аднаго мікрааўтобуса правяралі перад намі дзве гадзіны, пастаянна тэлефанавалі кудысьці. З-за гэтага стаяў увесь канал».

пункте пропуска "Тересполь" ("Брест")
У пункце пропуску «Цярэспаль». Крыніца: чат, прысвечаны мяжы. Фота мае ілюстрацыйны характар

Час на праходжанне мяжы павялічваецца

Беларусы пішуць у прыгранічных чатах, што з-за тэсціравання новай сістэмы мяжа «стала» ўвечары 7 лістапада.

Карыстальнікі чатаў паведамлялі, што пасля запуску новай сістэмы кантролю ў пункце пропуску «Цярэспаль» значна павялічыўся час чакання. Паводле іх слоў, афармленне легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў займае некалькі гадзін, а на аднаго чалавека сыходзіць да 40 хвілін.

Мяркуючы па паведамленнях у прыгранічных чатах, польскія пагранічнікі працягваюць тэсціраваць новую сістэму, але выбарачна і ў кароткія прамежкі часу. Бо ў іншыя дні, калі сістэма працавала, назіраліся вялікія затрымкі. А вось калі сістэма, паводле меркаванняў відавочцаў, часова перастала працаваць, кантроль праходзіў хутчэй, чэргі прыкметна скараціліся.

«РП — РБ. Толькі што былі на кантролі польскім, прайшлі за 25 хвілін. Відаць, гэтую новую сістэму адключылі пакуль што. Магчыма, без новай сістэмы агляды будуць хутчэйшыя і чарга скароціцца».