Абвінавачаны ў махлярстве блогер Міхаіл Драгун пасля вызвалення апублікаваў пост у закрытым Telegram-канале. Там ён патлумачыў, чаму не лічыць сябе вінаватым, колькі, на яго думку, грошай сышло на прызы і якім чынам ён плануе цалкам закрыць збор для Вані Сцяцэнко.

«Хто хацеў дапамагчы — пераводзіў наўпрост»

«Абвінавачаны — не значыць вінаваты! Цяпер нас адпусцілі з Жэняй. Я яе вельмі люблю і ў крыўду не дам», — пачынае свой зварот блогер, якога ў Гродне абвінавачваюць у прысваенні сродкаў, сабраных на лячэнне дзіцяці. Блогер сцвярджае, што інфармацыя, апублікаваная ў навінавых каналах і пабліках, «не зусім дакладная».

«Мільён сабе я не прысвойваў. Мільён сышоў толькі на падарункі - а то і больш», — заявіў ён.

У сваім пасце Міхаіл падрабязна апісаў, што менавіта адбылося за некалькі месяцаў інтэрактываў: «150 iPhone 16 — каля $ 150 000, два iPhone 16 Pro Max — каля $ 3000, адзін iPhone 17 Air — $ 1500, 15 iPhone 17 Pro — $ 30 000, 20 iPhone 17 Pro Max — $ 35 000».

Акрамя смартфонаў, сярод прызоў былі і аўтамабілі, піша блогер:

«Dongfeng Shine GS-1 шт. ($ 21 000), яшчэ дзве Dongfeng Shine — $ 36 000, два Belgee X50 — $ 36 000, тры Belgee S50 — $ 54 000 і Geely E8 — $ 33 000», — пералічыў ён. Са слоў Драгуна, гэта «яшчэ без уліку грашовых прызоў». Акрамя таго, у інтэрактывах разыгрываліся PlayStation і Dyson.

На лячэнне Вані Сцяцэнка, са слоў гродзенца, перавялі каля $ 100 000.

«Не было б прызоў — не было б гэтых ста тысяч. Хто рэальна хацеў дапамагчы, той пераводзіў наўпрост», — дадаў ён, падкрэсліваючы, што 90% удзельнікаў чакалі прыз.

«Гэта быў інтэрактыў, а не дабрачынны збор»

Блогер тлумачыць, што інтэрактыў першапачаткова не быў дабрачынным зборам, а розыгрышам прызоў, дзе частка сродкаў ішла на дапамогу дзіцяці. Якую менавіта частку, вызначаў ён.

«Сабе з усёй сумы абароту я прысвоіў $ 20 000 — лічу, заслужана», — адзначыў Драгун і падкрэсліў, што нават «фонды не заўсёды аддаюць усё».

«Я вам шчыра кажу: не п*здзіў і не нажываўся»

Па словах Міхаіла, ён «не жыве ў шоўках» і «кватэры ў яго няма».

«У Дубай кожны пры жаданні знойдзе паўтары-дзве тысячы долараў. Мальдывы — не з інтэрактываў, у мяне былі і свае грошы. Мальдывы былі часткова па бартэры», — удакладніў блогер.

Ён настойвае, што гатовы перавесці дзіцяці дадатковыя сродкі, калі яму разблакуюць рахункі:

«Я клянуся, сам бы перавёў. Хачу яшчэ дапамагчы Ваню, калі здымуць арышт».

«Спынялі як у фільме»

Затрыманне, са слоў блогера, адбылося нечакана — проста на дарозе.

«Аўторак, 12: 40. Мост на Гарнавых. Нас рэзка спыняюць супрацоўнікі ДАІ для праверкі дакументаў, а мяне просяць выйсці з машыны. Я выходжу — і налятаюць, як у фільме: „Стаяць! Не рухацца!“ Я думаў, што гэта пранк ад Жэні», — успамінае ён.

Далей Міхаіла адвезлі ў аддзяленне міліцыі. З яго слоў, допыт доўжыўся каля сямі гадзін з доўгімі перапынкамі.

«Толькі ўвечары даведаўся, што ў суседнім кабінеце дапытвалі Яўгену. Я выпаў. Там п*здзец быў», — распавёў блогер.

Ён таксама адзначыў, што ў яго «апісалі ўсё — нават тое, што яму не належала».

Драгун лічыць арышт на трое сутак незаслужаным: «Добра б яшчэ лям сп*здзіў, тады — так».

«Вось такі „хэпі-энд“. Працяг будзе», — напісаў на заканчэнне абвінавачаны блогер.

Што вядома пра справу абвінавачаных у махлярстве гродзенскіх блогераў

Гродзенскіх блогераў Міхаіла Драгуна і Яўгенію Тарасенка затрымалі аператыўнікі 4 лістапада ў Гродне. Паводле звестак праваахоўнікаў, яны збіралі грошы «на лячэнне цяжка хворага дзіцяці».

Як паведамлялі прадстаўнікі МУС, «з 1,5 мільёна рублёў толькі 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатнія каля мільёна рублёў блогеры выдаткавалі на „прыгожае жыццё“ — паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні і іншыя забавы».

6 лістапада міліцыя апублікавада відэа затрымання Яўгеніі Тарасенкі (Jennie.T) і яе партнёра Міхаіла Драгуна (iceedvard). На кадрах відаць, як сілавікі спыняюць іх аўтамабіль на вуліцы Гарнавых. У роліку паказаныя і прызнанні затрыманых і іх знаёмых, а таксама тое, як блогераў заводзяць у камеры. Паведамлялася і пра ператрус у кватэры гродзенцаў.

Сілавікі сцвярджалі, што грошы блогеры выводзілі праз банкаўскія карты знаёмых. У відэа паказалі інтэрв'ю з двума з іх. Адзін мужчына распавёў, што праз ягоны рахунак прайшло блізу 500 000 рублёў.

7 лістапада затрыманых гродзенскіх блогераў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пад вартай яны прабылі трое сутак. Блогеры актыўна супрацоўнічаюць са следствам. Да суду яны будуць знаходзіцца на волі.

Чытайце таксама: «Актыўна супрацоўнічаюць са следствам». Гродзенскіх блогераў, затрыманых за махлярства, адпусцілі