У Гродне запрацавала першая ў рэгіёне рэсурсная пляцоўка для навучання спецыялістаў сацыяльнай сферы і валанцёраў, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Яна створана на базе аддзялення дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна.

Два разы на месяц тут будуць праходзіць лекцыі, трэнінгі і дыскусійныя сустрэчы, прысвечаныя пытанням сацыялізацыі і адаптацыі людзей з інваліднасцю, паведамляе «Гродзенская праўда».

Пляцоўку плануюць развіваць разам з грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, у навучанні будуць прымаць удзел спецыялісты Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

У Гродне адкрылі рэсурсную пляцоўку для падтрымкі людзей з інваліднасцю
У Гродне адкрылі рэсурсную пляцоўку. Фота: grodnonews.by

Па словах старшыні аб’яднання Ігара Расіхіна, у межах працы рэсурснай пляцоўкі плануюць навучаць спецыялістаў сацыяльнай сферы правілам этычных зносін з людзьмі, якія маюць парушэнні зроку, і спосабам суправаджэння невідушчых грамадзян. Таксама будуць праходзіць семінары пра сучасныя сродкі рэабілітацыі.

У будучыні падобныя пляцоўкі плануюць стварыць і ў іншых раёнах рэгіёна.