У Гродне запрацавала першая ў рэгіёне рэсурсная пляцоўка для навучання спецыялістаў сацыяльнай сферы і валанцёраў, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Яна створана на базе аддзялення дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна.
Два разы на месяц тут будуць праходзіць лекцыі, трэнінгі і дыскусійныя сустрэчы, прысвечаныя пытанням сацыялізацыі і адаптацыі людзей з інваліднасцю, паведамляе «Гродзенская праўда».
Пляцоўку плануюць развіваць разам з грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, у навучанні будуць прымаць удзел спецыялісты Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Па словах старшыні аб’яднання Ігара Расіхіна, у межах працы рэсурснай пляцоўкі плануюць навучаць спецыялістаў сацыяльнай сферы правілам этычных зносін з людзьмі, якія маюць парушэнні зроку, і спосабам суправаджэння невідушчых грамадзян. Таксама будуць праходзіць семінары пра сучасныя сродкі рэабілітацыі.
У будучыні падобныя пляцоўкі плануюць стварыць і ў іншых раёнах рэгіёна.



