Хутка на карце Беларусі можа з’явіцца новы турыстычны маршрут — «Замкавае кальцо», які аб’яднае Мірскі, Лідскі, Стары і Новы замкі ў Гродне, а таксама Любчанскі замак. Такую ініцыятыву выказаў дырэктар Мірскага замка Аляксандр Лойка. І пакуль гэта толькі ідэя.
У інтэрв'ю sb.by ён расказаў, што акрамя канкурэнцыі паміж беларускімі замкамі, неабходны і саюз.
— Паглядзіце, бо толькі ў Гродзенскай вобласці паспяхова працуюць Лідскі замак, Стары і Новы замкі ў Гродне, а на падыходзе ўжо і Любчанскі замак. Думаю, хутка арганізуем адзіную экскурсію «Замкавае кальцо». Ці нешта падобнае. Мова нам дадзена, каб жыць у згодзе і дамаўляцца, — упэўнены ён.
Пра залатое кальцо замкаў Беларусі гаварылі яшчэ ў 2011 годзе, калі пачалася рэстаўрацыя замка ў Навагрудку. Тады размова ішла пра Мір, Нясвіж (хоць тут знаходзіцца не замак, а палац), а таксама Любчу, Ліду, Гальшаны і Крэва.
Назву турыстычнага маршруту «Залатое кальцо» прапанаваў журналіст і пісьменнік Юрый Бычкоў. У канцы 1967 года ён апублікаваў у газеце «Советская культура» серыю нарысаў пра гарады Расіі. Пазней гэтая назва стала афіцыйным абазначэннем папулярнага маршруту, куды ўваходзяць Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў Вялікі, Яраслаўль, Кастрама, Іванава, Суздаль, Уладзімір і Рыбінск. А ўжо пазней «залатымі кальцамі» сталі называць на постсавецкай прасторы маршруты, у якія ўваходзяць розныя славутасці. Так, некаторыя беларускія фірмы прапануюць маршруты «Залатое кальцо Беларусі», куды звычайна ўключаюць Мінск, Мір, Нясвіж і музей «Дудуткі». Ёсць і распрацаваныя маршруты ў рэгіёнах, напрыклад, «Залатое кальцо Сенненшчыны».
У красавіку 2027 года Мірскі замак адсвяткуе сваё 500-годдзе.
За 500 дзён да юбілею — 24 лістапада гэтага года — запусцяць праект «500 дзён да 500-годдзя замка», які будзе ўключаць у сябе выставы, канцэрты, прэзентацыі, канферэнцыі. А зараз на тэрыторыі музейнага комплексу ўладкоўваюць італьянскі парк. У яго ўклалі ўжо каля 2,5 млн беларускіх рублёў — усё гэта, па словах Аляксандра Лойкі, пазабюджэтныя грошы. Замак у Міры наведвае да 500 тысяч турыстаў у год.


