Аўтобусны парк Гродна падвёў вынікі галасавання за найлепшы праект праязнога дакумента ў грамадскім транспарце. Пераможцам стаў удзельнік пад нумарам 37. А ўсяго на конкурс паступіла 41 работа.
Карта-пераможца мае тры варыянты: агульны, для вучняў і для пенсіянераў. Яна выканана ў цёмна-сініх тонах, на першым плане — выява аўтобуса і тралейбуса. Другі план адрозніваецца: на агульнай — стылізаваны беларускі ўзор, на вучнёўскай — арыфметычныя прыклады, на карце для пенсіянераў — выява, падобная да ўзору дзяржаўнага сцяга.

Нагадаем, аўтобусны парк абвясціў конкурс на найлепшы дызайн гарадской праязной карты. Пасля таго, як гродзенцы даслалі свае варыянты, прайшло анлайн-галасаванне, у якім усе ахвотныя маглі выбраць найбольш удалы дызайн.
Сярод прадстаўленых работ сустракаліся і незвычайныя рашэнні. Некаторыя ўдзельнікі дасылалі толькі адзін варыянт або забывалі выкарыстоўваць афіцыйны лагатып прадпрыемства, як гэта было заяўлена ва ўмовах конкурсу. Былі і кур’ёзныя выпадкі: адзін з макетаў утрымліваў выяву замка ў Выбаргу, які не мае дачынення да Гродна. На некаторых работах былі арфаграфічныя памылкі.

Што далей
На сайце транспартнага прадпрыемства не паведамляюць, ці аддрукуюць дызайн, які выйграў, на карце. Напісана, што «вашы работы маюць вялікае значэнне для стварэння адзінага праязнога дакумента, у які, магчыма, будуць унесены змены з улікам патрабаванняў заканадаўства і арфаграфіі». Іншыя конкурсныя работы таксама могуць выкарыстоўваць пры распрацоўцы новай партыі праязных карт.



