У Нацыянальным рэестры прававых актаў апублікавалі пастанову, падпісаную Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, — аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў члена Савета Рэспублікі восьмага склікання Алега Іванова. Згодна з дакументам, рашэнне прынялі на падставе асабістай заявы Іванова аб складанні паўнамоцтваў.
У пастанове пазначана, што яго паўнамоцтвы спынены з 23 кастрычніка 2025 года ў адпаведнасці з пунктам 9 часткі першай артыкула 8 Закона «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў і члена Савета Рэспублікі». Гэты пункт якраз і ўказвае на пісьмовую заяву сенатара ў сувязі з асабістымі прычынамі.
Нагадаем, Алег Іваноў быў гендырэктарам ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» з 2019 да канца кастрычніка 2025 года. А да гэтага ён працаваў намеснікам гендырэктара па вытворчасці і якасці. Прадпрыемства ўзначаліла Вольга Янушка, якая да гэтага амаль чатыры гады працавала гендырэктарам ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат».
Да Іванова Гродзенскім мясакамбінатам 30 гадоў кіраваў Анатоль Грышук.



