Настаяцельніца Гродзенскага Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла атрымала медаль Пушкіна. Цырымонія адбылася 4 лістапада ў Крамлі ў Дзень народнага адзінства — узнагароду ўручаў Уладзімір Пуцін, піша БелТА.
Акрамя ігуменні Гаўрыілы, медаль атрымаў протаіерэй, клірык Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра Мінскай епархіі Андрэй Лемяшонак.
Медаль Пушкіна ўручаюць за заслугі ў галіне культуры і мастацтва Расіі. У тым ліку ўзнагароду даюць іншаземцам, якія «ўнеслі вялікі ўклад у развіццё і ўмацаванне культурных сувязей з Расіяй», а таксама падтрымліваюць рускую культуру і мастацтва.
Гэта не першая ўзнагарода, якую расійская ўлада прысуджае Гаўрыіле. Так у кастрычніку 2024 яна атрымала грамату за дапамогу расійскай арміі у вайне ва Украіне.
У кастрычніку 2022 Патрыярх Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) Кірыл узнагародзіў ігуменню Гаўрыілу ордэнам Святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі. Так Гаўрыіла стала першай і адзінай жанчынай у Беларусі, якая атрымала гэты ордэн.
Родам з Саратава і больш за 30 гадоў кіруе манастыром у Гродне: чым вядома Гаўрыіла?
Гаўрыіла (сапраўднае імя — Марыя Мікалаеўна Глухава) нарадзілася ў Саратаве, скончыла школу ў Жыровічах, вучылася ў Ленінградзе. У 1988 годзе прыняла манаства, працавала ў Іерусаліме і Маскве. З 1992 года кіруе жаночым Свята-Раства-Багародзічным манастыром у Гродне.
Гаўрыіла вядомая сваімі пралукашэнкаўскімі і прарасійскімі поглядамі, нянавісцю да ўсяго заходняга і радыкальнымі ідэямі. Напрыклад, яна прапаноўвала забіраць у манастыр дзяцей, бацькі якіх былі пазбаўлены правоў.
Чытайце таксама: «Усе людзі вам удзячныя». Ігумення Гаўрыіла прынесла тарты для гродзенскага АМАПа і міліцыі



