У Гродне паміж жыхарамі дома на вуліцы Пралетарскай, 67 узнікла спрэчка. Кватэру на пятым паверсе дома купіла сям’я. Гаспадар пачаў скардзіцца на ліпу, якая расце ў двары — пылок асядае на вокнах, з-за чаго іх даводзіцца мыць кожны дзень. Гродзенец звярнуўся ў службу «115.бел» — папрасіў спілаваць дрэва.
Сітуацыя ўсхвалявала суседа сям'і - пенсіянера. Тады ён звярнуўся у рэдакцыю «Гродзенскай праўды» і расказаў, што вялікая ліпа расце ў двары з моманту будаўніцтва дома. Па словах пенсіянера, ліпа нікому не замінала — дрэва лічылі упрыгожваннем двара.
Спецыялісты разгледзелі заяўку сям'і, пакінутую на «115.бел» і прыехалі ў двор. Пасля агляду дрэва супрацоўнікі УЖРЭП Кастрычніцкага раёна вырашылі, што прычын спілоўваць дрэва няма. Ліпа не аварыйная.
Па тэме: Верагодна, у Гродне стане менш зеляніны — ЖКГ хоча спілаваць дрэвы, якія перашкаджаюць будынкам
У арганізацыі дадалі, што могуць заняцца санітарным абразаннем — сфармаваць крону і апрацаваць зрэзы спецыяльным растворам. Ва УЖРЭП адзначылі, што такія скаргі паступаюць да іх рэгулярна. Адны гродзенцы просяць спілаваць дрэвы, іншыя — захаваць.
Ва УЖРЭП просяць вырашаць такія сітуацыі ў рамках закону: не высякаць дрэвы самастойна і знаходзіць агульную мову з суседзямі.
 
 


