Галерэю адкрывае гродзенка і калекцыянерка Ніка Карэйва. Музей пачне працаваць 1 лістапада. Ён знаходзіцца на вуліцы Тэлеграфная, 14/2. Аб адкрыцці галерэі распавялі ў Facebook-групе «Гродна».
У Instagram Ніка Карэйва называе сябе «калекцыянерам лялек, клоунаў, гузікаў, шкла і фарфору». Верагодна, у экспазіцыю галерэі гродзенка ўключыць частку сваёй калекцыі. Будуць і гузікі. Па словах Нікі, «цікавых і не шкляных гузікаў у яе вельмі шмат». Таму яны стануць часткай сталай экспазіцыі.


Адкрыццё галерэі запланавалі на 1 лістапада 2025 — у гэты дзень уваход для наведвальнікаў будзе бясплатным.
З 2 па 14 лістапада Ніка прадставіць экспазіцыю лялек розных народаў. Пасля ў галерэі будзе перыяд навагодніх баляў. Вясной — «парныя лялькі і лялькі ў вясельных уборах».
Дзе яшчэ ў Гродне ёсць музеі лялек?
У каментарах пад публікацыяй аб адкрыцці галерэі лялек гродзенцы пішуць, што гэта першая падобная ўстанова ў горадзе. Але музеі з падобнай канцэпцыяй у Гродне ўжо ёсць.
Самы вядомы знаходзіцца пры Гродзенскім тэатры лялек. Падчас экскурсій наведвальнікам расказваюць аб працэсе іх стварэння.
Яшчэ адзін музей — «Лялечны дом» — арганізавалі ў бібліятэцы на Савецкіх Пагранічнікаў. Экспанаты аўтарскія — іх вырабілі ўдзельніцы тэматычнага клуба «Гродзенская лялька».
У аграгарадку Індура працуе музей «Лялька ў карагодзе жыцця». Экспазіцыя ўключае больш за 300 экспанатаў, сярод якіх традыцыйныя беларускія лялькі, фарфоравыя лялькі і Barbie.
Чытайце таксама: Доля — на шчасце, неразлучнікі - на каханне. Робім лялькі-скруткі і абмяркоўваем іх эфектыўнасць з псіхолагам
 
 


