Расійскі выканаўца Shaman, вядомы падтрымкай вайны і “патрыятычнымі” песнямі, выступіць у Гродне 11 снежня. Квіткі на сэрвісе ticketpro.by ужо разыходзяцца.

UPD 27 лістапада. Канцэрт пераносіцца на 21 снежня 2026 года. Таксама пераносы будуць у Брэсце і Гомелі.

Канцэрт арганізоўвае Гродзенская абласная філармонія. Ён пройдзе ў Лядовым палацы Гродна. Напалову выкуплены сектар 1 – з самымі бюджэтнымі квіткамі. Іх цэннік – 80-155 рублёў. Горай сітуацыя з сектарамі 2 і 3 – з коштам 145-205 рублёў. Там выкупілі чвэрць. І каля 15 месцаў занята на партэры з цэннікам 205-245 рублёў.

Концерт Shaman.
Канцэрт Shaman. Скрыншот з ticketpro.by

“Жывы гук, магутная харызма і песні, якія даўно палюбіліся публіцы – ад энергетыкі SHAMAN заміраюць сэрцы і напаўняюцца святлом. У праграме – любімыя кампазіцыі, новыя трэкі і эмацыйны драйв, з якім хочацца спяваць, танцаваць і проста быць шчаслівымі”, — напісана ў анатацыі.

Пад постам у Instagram Гродзенскай аблфілармоніі ўсяго некалькі каментароў. “за такія грошы лепш 3 разы на Саладуху схадзіць”, “уский” (мабыць, парадыруючы песню выканаўцы “Я — русский” — Hrodna.life) і “Давайте уже GAYAZOV$ BROTHER$, а не вот это вот”. Хтосьці, зрэшты, прызнаецца, што гэта яго “краш”.   

Тур Shaman у Беларусі ўключае Мінск, Брэст, Гомель і Гродна. Пад ролікам у адной з сацсетак большасць каментароў – негатыўныя.

“Живу в Гродно, но даже за бесплатно к нему не пойду, или пусть мне заплатят, всеравно к нему не пойду. Принцип, мир во всем мире”.

“они явно издеваются, билеты на концерт лазарева с поставленными и проработанными номерами были дешевле”.

“загонят из периферии профсоюз. Нормальный это обойдет стороной, шоб лишь бы не замараться”.


Сапраўднае імя Shaman – Яраслаў Дронаў. Ён стаў вядомым у 2022 годзе, падтрымаўшы вайну ва Украіне і выканаўшы песні «Встанем», «Я русский» і іншыя кампазіцыі “патрыятычнай тэматыкі”. За падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны знаходзіцца пад санкцыямі 27 краін Еўрасаюза, Украіны і Канады. У адносінах з кіраўніцай “Лігі бяспечнага інтэрнэту” Кацярынай Мізулінай.

Чытайце таксама: Канцэрты ў Гродне сыходзяць у падполле, на выступах — табу на «палітыку». Што будзе з культурай далей?