Жыхар Ашмян Павел Пецюлевіч адгукнуўся на аб’яву аб наборы кантрактнікаў для ўдзелу ў вайне. Планаваў працаваць кіроўцам, але Пецюлевіча адправілі штурмаваць фронт. Па інфармацыі «Нашай Нівы», ашмянца ўзялі ў палон.

З восені 2017 па вясну 2019 Пецюлевіч у складзе асобнай брыгады асаблівага прызначэння служыў у Мар'інай Горцы. Пасля вярнуўся ў Ашмяны, дзе ў тым ліку працаваў на мясцовым мясакамбінаце.

Займаўся атлетыкай і быў сярод лепшых гіравікоў прадпрыемства. Па словах Пецюлевіча, з працы яго звольнілі за крадзеж. Тады ён паехаў у Маскву на заробкі, дзе са жніўня 2025 года яму перасталі плаціць. У інтэрнэце беларус знайшоў абвестку аб наборы людзей па кантракце ў расійскае войска.

Абяцанне не стрымалі

Пецюлевічу абяцалі, што ён будзе працаваць кіроўцам. Але падманулі - ужо пры першым баявым заданні адправілі штурмаваць гарачы ўчастак фронту. Далі пазыўное — Пятро. Адзін з удзельнікаў баявой групы падарваўся на міне. Пецюлевічу ўдалося дайсці да бліжэйшай вёскі і схавацца ў доме.

Ён павінен быў сустракаць людзей са свайго палка і праводзіць іх далей. «Усе да аднаго паміралі», — пісаў Пецюлевіч. Па словах беларуса, за чатыры дні ён не атрымаў ніякай дапамогі, хаця прасіў пра яе.

Трапленне ў палон

Калі Пецюлевіч трапіў у палон — дакладна невядома. Апошні раз анлайн у «ВКонтакте» ён быў 11 кастрычніка. Там Павел шкадаваў, што пайшоў ваяваць. «Да*баёб, інакш не падпісаў бы кантракт», — напісаў ён.

Таксама Пецюлевіч не атрымаў выплат, хаця разлічваў на суму каля $ 30 тыс. за падпісанне кантракта. Цяпер ашмянец просіць Лукашэнку як мага хутчэй абмяняць яго і вярнуць у Беларусь. Кажа, гатовы на ўсё, «абы быць побач з сям’ёй».

Чытайце таксама: Навагрудчанін памёр на вайне ва Украіне — ваяваў на баку Расіі