Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене адрэагавала на паведамленне прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска аб магчымым адкрыцці польска-беларускай мяжы. Па словах Ругінене, польскія палітыкі павінны скаардынаваць свае дзеянні з літоўскімі ўладамі, піша LRT.
UPD: днём 30 кастрычніка стала вядома, што перамовы паміж Ругінене і Тускам адбыліся. «Польшча адкрые пераходы з Беларуссю прыкладна ў сярэдзіне лістапада», — паведаміў прэс-сакратар польскага ўрада Адам Шлапка, піша MOST.
Шлапка дадаў, што адкрыццё пераходаў з Беларуссю было запланавана на больш ранні тэрмін, аднак літоўскі бок у размове з Тускам узняў пытанне аб бяспецы на сваім баку мяжы. Прычына — метэазонды, якія запускалі з тэрыторыі Беларусі. Так кантрабанда пападала ў Літву.
Планы па адкрыцці мяжы могуць перагледзець: што гавораць у Літве
«Гэта вельмі важна», — падкрэсліла неабходнасць перамоваў з польскім бокам Ругінене. Прэм’ер-міністр дадала, што «ўжо перапісвалася» з Тускам — размова была «працяглай».
Па словах Ругінене, польскія ўлады могуць перагледзець свае планы па адкрыцці мяжы пасля рашэння Літвы закрыць КПП з Беларуссю на месяц. Таксама Ругінене плануе абмеркаваць пытанне адкрыцця межаў з прэм’ер-міністрам Эстоніі Эвікай Сіліняй.
Верагодна, перамовы паўплываюць на магчымыя даты адкрыцця польска-беларускай мяжы.
Літва закрывае КПП, Польшча хоча адкрыць: што адбывалася з мяжой за тыдзень
У сераду, 29 кастрычніка, Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Пагранпераход Шальчынінкай-Беняконі закрылі поўнасцю. Праезд праз Мядзінінкай-Каменны Лог абмежаваны. Праз яго могуць ехаць дыпламаты, грамадзяне Літвы, якія вяртаюцца ў краіну, а таксама грамадзяне ЕС.
Днём раней, 28 кастрычніка, прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў аб намеры адкрыць два КПП на мяжы з Беларуссю. Гаворка ішла пра Баброўнікі і Кузніцу. Па словах Туска, адкрыццё планавалі ў «тэставым рэжыме ўжо ў лістападзе».
Ужо тады Туск адзначыў, што перад адкрыццём пагранпераходаў яго чакаюць «інтэнсіўныя кансультацыі з літоўцамі».
Чытайце таксама: Чэргі на межах Беларусі: пасля закрыцця літоўскай мяжы расце паток на польскай



