Былы супрацоўнік МУС расказаў DW, чаму Юрыя Караева ў 2020 годзе перавялі з пасады міністра ўнутраных спраў на пасаду памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Гродзенскай вобласці. Паводле яго версіі, гэта звязана з яго дзейнасцю падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў — яго палічылі «слабым».

Дакумент МУС аб цкаванні сілавікоў

Выданне Deutsche Welle апублікавала матэрыялы аналітычнага дакумента, падрыхтаванага МУС па ўнутраным запыце ў 2020 годзе аб прычынах цкавання міліцыянераў. У ім аналізавалася сітуацыя з цкаваннем міліцыянераў у Беларусі, у тым ліку пагрозы па тэлефоне, адмова знаёмых і сваякоў кантактаваць з супрацоўнікамі. Таксама выпадкі публічнай крытыкі і абраз з боку грамадзян. У дакуменце, які вывучыла DW, крытыкуюцца рэпрэсіўныя практыкі, што сталі пасля асновай працы сілавікоў.

Падыход Караева да пратэстаў ўспрынялі як слабасць

Згадваецца там і Юрый Караеў. Будучы кіраўніком МУС, у жніўні 2020 года ён абяцаў разабрацца з выпадкамі гвалту. Прэс-сакратарка ведамства Вольга Чамаданава сустракалася з кіраўнікамі незалежных медыя, дзе гучалі крытычныя пытанні пра працу міліцыі.

«За гэтых людзей, тых, каму дасталося, за гэты, як цяпер кажуць, гвалт, я як камандзір, як начальнік павінен узяць гэту адказнасць на сябе. І папрасіць прабачэння чыста па-чалавечы перад гэтымі людзьмі», — каментаваў Караеў пратэсты ў Беларусі і дзеянні сілавікоў.

З боку сілавікоў гэта пасля было ўспрынята як слабасць, і Караева панізілі да памочніка Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці.

Палічылі слабасцю. З'явілася версія, чаму Юрыя Караева адправілі з пасады кіраўніка МУС у Гродне ў 2020 годзе
Юрый Караеў (Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС)

Перавод Караева ў Гродзенскую вобласць
29 кастрычніка 2020 года Караеў быў вызвалены ад пасады і прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці. Таксама яму было прысвоена спецыяльнае званне — генерал-лейтэнанта міліцыі. У 2025 годзе Караеў стаў старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Канфлікт ўнутры кіраўніцтва МУС

Былы супрацоўнік МУС патлумачыў DW, што падыход Караева не падтрымлівалі начальнік мінскай міліцыі Іван Кубракоў і начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. Абодва неўзабаве атрымалі павышэнне: Кубракоў стаў міністрам, Карпянкоў — яго намеснікам. Аналіз прычын цкавання з крытыкай і рэкамендацыямі фактычна праігнаравалі.

Міжведамасная камісія пры Генпракуратуры спыніла працу, не апублікаваўшы справаздачы. А Следчы камітэт, атрымаўшы амаль 5 тысяч скаргаў, не распачаў ніводнай крымінальнай справы.

Раней эксперты меркавалі, што гэта было спецыяльнай місіяй. «Тое, што раней было б відавочным паніжэннем у пасадзе, цяпер выглядае як адказная місія ў цяжкі час. Нездарма гэта „паніжэнне“ суправаджаецца прысваеннем Караеву і Барсукову пазачарговых званняў генерал-лейтэнанта міліцыі», — каментаваў пасля прызначэння аналітык Вадзім Мажэйка Hrodna.life.