Пасля закрыцця літоўскай мяжы расце колькасць аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы. Сітуацыя пакуль не крытычная, але чарга рухаецца павольна.

У аўторак, 28 кастрычніка, на пераходзе «Брэст» у электроннай чарзе на выезд з Беларусі стаялі 960 легкавых аўтамабіляў і 21 аўтобус, паведамляецца на сайце Дзяржпагранкамітэта. Для параўнання, тыдзень таму, 21 кастрычніка, у чарзе было 310 легкавікоў і 8 аўтобусаў.

Паводле звестак удзельнікаў Telegram-чатаў, прысвечаных перасячэнню мяжы, рух чаргі ў КПП «Брэст» ідзе павольна. Раніцай яе даўжыня складала 1,2 км, да паўдня яна павялічылася да 1,6 км. За дзве гадзіны легкавікі праязджаюць прыкладна 200 метраў.

У пункце «Кукурыкі» на выезд з Беларусі ў Польшчу стаяць 3030 грузавікоў.

На беларуска-літоўскіх пераходах, часова закрытых пасля рашэння літоўскіх уладаў, сітуацыя такая: у «Каменным Логу» — 10 легкавых аўтамабіляў і 870 фур, у «Беняконях» — 10 легкавікоў і 740 грузавікоў.

Нагадаем, прапускныя пункты на літоўска-беларускай мяжы закрылі ўвечары 26 кастрычніка з-за запускаў метэазондаў з тэрыторыі Беларусі. Літоўскі ўрад абмяркуе магчымасць доўгатэрміновага закрыцця мяжы на пасяджэнні 29 кастрычніка.