Гродзенскі аўтобусны парк шукае ідэі для дызайну праязных картак. Прадпрыемства адбірае дызайн-канцэпцыі добрага боку карткі, дзе будзе надпіс «Праязны дакумент». Узяць удзел у стварэнні выгляду новай праязной карткі могуць усе ахвотныя. Праўда, для таго, каб падаць свой варыянт, застаецца ўсяго некалькі дзён: работы прымаюцца да 31 кастрычніка 2025 года.
Абвестка аб зборы ідэй для праязной карткі з’явілася на сайце прадпрыемства. Мэта праекта — стварэнне «сучаснага, пазнавальнага і функцыянальнага» дызайну карткі, які адлюстроўвае карпаратыўны стыль прадпрыемства і зручны для пасажыраў.
Да ўдзелу запрашаюць усіх, хто цікавіцца дызайнам, транспартам і развіццём гарадской інфраструктуры.
Што трэба ведаць пры распрацоўцы дызайну гродзенскай карты аплаты праезду:
- фармат карты — як у банкаўскай (85,6×54 мм);
- тып — бескантактныя RFID / MIFARE / NFC;
- абавязкова выкарыстоўваць лагатып прадпрыемства (даступны па спасылцы: dropmefiles.com/oF8cI).
Таксама ў заказчыка ёсць некалькі дадатковых пажаданняў да дызайну. Будзе лепш, калі будуць існаваць розныя каляровыя варыянты для навучэнцаў, пенсіянераў і работнікаў.
Дапускаецца размяшчэнне QR-кода або кароткай даведачнай інфармацыі (па ўзгадненні з прадпрыемствам).
Акрамя таго, у макеце павінна быць прадугледжана «зона цішыні» — водступ без друку не менш за 3 мм па перыметры карткі.

Працы прымаюцца да 31 кастрычніка 2025 года на пошту: [email protected].
Лепшыя ідэі прадпрыемства плануе выкарыстаць пры стварэнні новых транспартных картак.
У абвестцы не пазначана, ці будуць аплачаныя ідэі дызайну, але ўдакладніць гэтую інфармацыю можна ў аўтапарку ў Гродне па вуліцы Перамогі, 16, а таксама па тэлефоне:
Нагадаем, у Гродне абнаўляюць сістэму аплаты праезду ў грамадскім транспарце. Замест кампосцераў у тралейбусах і аўтобусах усталёўваюць электронныя валідатары. З іх дапамогай пасажыры змогуць аплачваць праезд бескантактава — напрыклад, спецыяльнай пластыкавай карткай, дызайн якой і трэба распрацаваць.


