Польшча да канца 2025 года можа адкрыць два пункта пропуску на мяжы з Беларуссю. Пра гэта расказаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у Беластоку на Форуме згуртаванасці і прыгранічнага развіцця Еўрапейскага саюза. «Яшчэ ў гэтым годзе мы будзем гатовыя да адкрыцця двух пунктаў пропуску — у Баброўніках і Кузніцы», — сказаў ён.


Галоўнае пра польска-беларускую мяжу ў гэтай публікацыі

  • Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск абвясціў аб магчымым адкрыцці двух пунктаў пропуску з Беларуссю — у Баброўніках і Кузніцы.
  • Адкрыццё будзе адбывацца ў тэставым рэжыме, і ў любой момант КПП могуць закрыць.
  • Туск падкрэсліў важнасць адкрыцця межаў для дробных прадпрымальнікаў і турызму.
  • Кансультацыі з літоўскімі партнёрамі ўскладняюцца з-за нядаўніх правакацый на літоўскай мяжы з боку Беларусі і Расіі.
  • Пункт пропуску Бераставіца — Баброўнікі быў закрыты ў 2023 годзе ў сувязі з прысудам журналісту Анджэю Пачобуту.

Размова ідзе пра пункты пропуску ў Баброўніках і Кузніцы. Адкрыццё пунктаў пропуску плануецца ў тэставым рэжыме — «на спробу». У любы момант польскі бок зможа закрыць КПП, калі гэта спатрэбіцца. Туск паабяцаў, што не будзе вагацца ў гэтым рашэнні ні секунды. Аднак ён спадзяецца на разуменне «па абодва бакі мяжы».

«І палітыка не павінна кожны раз так груба ўмешвацца ў паўсядзённае жыццё людзей, якія жывуць блізка да мяжы. Так што дамоўленасць застаецца ў сіле. Я дамоўлюся з літоўцамі, адкрыем два пункты пропуску», — сказаў ён.

Словы пра адкрыццё гэтых пунктаў пропуску ў зале сустрэлі авацыямі. Форум праходзіць у будынку Падляшскай оперы і філармоніі.

Адкрыццё Баброўнікаў і Кузніцы вырашыць шмат праблем для прадпрымальнікаў і турызму

«З вашага (жыхароў Падляшша — Hrodna.life) пункту гледжання пытанне памежных пераходаў з’яўляецца абсалютна ключавым. Я ведаю пра гэта. Мы абмяркоўвалі кожны раз, калі я быў з вамі, калі будзе магчыма, не паслабляючы нашу бяспеку, аднавіць памежныя пераходы. Не заўсёды нам шанцуе.

Я хацеў бы, каб вы ўважліва выслухалі некаторыя дэталі працэсу, які мы з міністрам Марцінам Кервіньскім рыхтуем ужо шмат тыдняў. Мы будзем гатовыя яшчэ ў гэтым годзе. Больш за тое, яшчэ ў лістападзе, да адкрыцця двух памежных пераходаў у Баброўніках і Кузніцы. І вы можаце на гэта разлічваць", — запэўніў Дональд Туск.

Што датычыцца Баброўнікаў, то, паводле яго слоў, з гэтым пунктам пропуску няма ніякіх лагістычных праблем. Што датычыцца Кузніцы, то там да канца года не будзе цалкам гатова дарожнае пакрыццё на S19. Абмежаванні могуць тычыцца аўтамабіляў вагой звыш 3,5 тоны.

«Усе мы разумеем, што калі нам удасца адкрыць гэтыя два праходы ў Кузніцы і Баброўніках, то гэта ў значнай ступені вырашыць праблему, звязаную з закрытай мяжой. Гаворка ідзе пра дробных прадпрымальнікаў на нашым баку, пра пытанні, звязаныя з сям’ёй і турызмам. Вядома, я не павінен вам тлумачыць, наколькі гэта важна з нашага пункту гледжання», — сказаў польскі прэм’ер-міністр.

Маглі б адкрыць мяжу раней, але патрэбныя кансультацыі з літоўцамі

«Нашы інвестыцыі ў ахову мяжы ў будучыні будуць азначаць большыя інвестыцыі для ўсяго рэгіёну. Мы будзем выціскаць усё, што зможам, ад нашых партнёраў па ўсім свеце, у Еўропе і НАТА, каб наша ўсходняя мяжа і ўвесь рэгіён былі ў бяспецы», — сказаў прэм’ер-міністр Польшчы.

Таксама ён дадаў:

«Я ўжо раней прасіў адпаведныя ведамствы падрыхтаваць гэтае рашэнне. Рашэнне было падрыхтавана такім чынам, каб яго можна было прыняць яшчэ на гэтым тыдні. Але ў нас ёсць праблема на літоўска-беларускай і літоўска-расійскай мяжы. Прашу вас пра разуменне. Сёння я не магу (не падтрымаць — Hrodna.life) літоўскіх партнёраў, якія праз паўтаральныя правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем паветраных шароў, з боку Беларусі і Расіі, вырашылі закрыць свой адзіны памежны пераход з Беларуссю. І гэта адбылося ўсяго некалькі гадзін таму.

Так што мяне сёння чакаюць інтэнсіўныя кансультацыі з літоўцамі, пра якія кажа міністр Кервіньскі, каб не заспець іх знянацку, каб гэтага не адбылося. Мы таксама павінны праводзіць паслядоўную палітыку ў дачыненні да нашых суседзяў. І я кажу тут як пра нашых саюзнікаў, так і пра больш складаных партнёраў, якім, без сумневу, з’яўляецца Беларусь".

Трэба трохі пачакаць

Па словах Туска, магчымасць адкрыцця пераходаў цяпер абмяркоўваецца менавіта таму, што мяжа ўзмоцнена як ніколі. Ён падкрэсліў, што дзякуючы сумесным мерам польска-беларуская мяжа сёння фактычна адна з самых абароненых у Еўропе. Гэта дазваляе пайсці на пэўную рызыку і разгледзець аднаўленне працы пунктаў пропуску, бо чаканыя перавагі могуць пераважыць магчымыя пагрозы.

Пры гэтым ён заклікаў «яшчэ крыху пачакаць», адзначыўшы, што працэс не такі просты, як можа здавацца. Таксама ён паведаміў, што бакі будуць абменьвацца інфармацыяй з Беларуссю ў межах гэтых рашэнняў.

«Шчыра кажучы, чорт яго ведае, што нас яшчэ чакае за ўсходняй мяжой, якія прыгоды. Але я спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа і з іншага боку, і ім таксама павінна быць важна, каб усё прайшло бязбольна і без негатыўных наступстваў», — адзначыў Туск.

Бераставіцу-Баброўнікі зачынялі з-за Пачобута

Нагадаем, аўтамабільны пераход Бераставіца — Баброўнікі быў закрыты 10 лютага 2023 года рашэннем міністра ўнутраных спраў Польшчы. Нагодай стаў прысуд журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту, якому ў Беларусі прызначылі восем гадоў пазбаўлення волі.

Да свайго закрыцця Баброўнікі былі ключавой кропкай у Гродзенскай вобласці: толькі ў снежні 2022 года праз гэты КПП у абодва бакі прайшло амаль 111 тысяч чалавек. Прычым ён заставаўся адзіным буйным пераходам у рэгіёне пасля закрыцця ў 2021 годзе КПП Брузгі — Кузніца Беластоцка на фоне міграцыйнага крызісу.

На дадзены момант паміж Польшчай і Беларуссю дзейнічаюць толькі два пункты пропуску: «Цярэспаль — Брэст» для пасажыраў і «Кукурыкі — Казловічы» для грузавога транспарту. У верасні Польшча на час цалкам закрывала мяжу, уключна з чыгуначнымі зносінамі. Сітуацыя з цалкам закрытай мяжой доўжылася прыкладна два тыдні. І была звязана з ваеннымі вучэннямі на тэрыторыі Беларусі.