Суму аліментаў у 35,9 млн руб. спагналі за няпоўны 2025 год. Усяго ў Гродзенскай вобласці суд абавязаў 1309 чалавек выплаціць грошы. Яшчэ больш як 10 тыс. такіх спраў знаходзяцца на выкананні, паведамілі у галоўным упраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Калі адзін з бацькоў не плаціць аліменты, узбуджаюць выканаўчую вытворчасць. Судовыя выканаўцы накладваюць абмежаванні. Чалавек не можа выязджаць за мяжу і перадаваць права ўласнасці на сваё аўто.
Калі з’яўляецца запазычанасць па аліментах, грошы могуць утрымліваць з заробку ці іншых крыніц даходу. У лік доўгу таксама могуць арыштаваць аўто ці іншую маёмасць, якой валодае даўжнік.
Крымінальная адказнасць за нявыплату аліментаў надыходзіць, калі на працягу года бацька не плаціў больш за тры месяцы. У вобласці за 2025 год за ўхіленне ад выплаты аліментаў (арт. 174 КК) прыцягнулі больш за 320 чалавек.
Неплацельшчыкам пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы, а таксама абмежаванне волі да трох гадоў або пазбаўленне волі да года.
Чытайце таксама: «За год дзеці атрымалі ад таты 5 рублёў на траіх». Гісторыя Вікторыі, у якой яна засталася з дзецьмі і крэдытам і год змагалася за аліменты



