У аграгарадку Верцялішкі ёсць праблема з вадой у кранах — яна карычневага колеру. Каб памыцца, некаторыя жыхары ездзяць да сваякоў у іншыя раёны, а бацькі перажываюць, ці бяспечна купаць дзяцей у мутнай вадзе. На арганізаванай сустрэчы з мясцовымі жыхарамі чыноўнікі Гродзенскага райвыканкама патлумачылі, калі вырашаць праблему, піша «Перспектива».

Са строю выйшла адна свідравіна, затым — другая

Каб з кранаў пацякла чыстая вада, трэба пабудаваць новыя свідравіны. Раней аграгарадок абслугоўвалі свідравіны, зробленыя яшчэ ў 80-я гады. У канцы 2024 адна з іх трэснула — у ваду трапіў грунтавы мел. У чэрвені 2025 падобная сітуацыя адбылася з другой свідравінай.

Кватэры падключылі да рэзервовых свідравін — яны працуюць у аўтаматычным рэжыме. Але праблему гэта не вырашыла. Вада альбо мутная, альбо яе ўвогуле няма.

Пакуль новыя свідравіны не пабудаваны, мясцовым жыхарам даводзіцца цярпець нязручнасці. Пры кіпячэнні вады ў ёй з’яўляюцца «цёмныя згусткі і непрыемны пах», распавяла жыхарка Ніна.

Іншая гараджанка пацікавілася, як у карычневай вадзе купаць дзяцей. З-за гэтага людзям даводзіцца ездзіць да сваякоў у іншыя населеныя пункты. Акрамя таго, дрэнная вада можа нашкодзіць тэхніцы — пральным машынам і газавым катлам.

Новыя свідравіны з’явяцца да вясны 2026

На бурэнне новых свідравін кіраўніцтва Гродзенскага раёна выдзеліла 200 тыс. руб. Ужо зрабілі праектна-каштарысную дакументацыю. Цяпер яна павінна прайсці некалькі экспертыз. Геалагічную — яна амаль скончана, і экалагічную, на яе спатрэбіцца яшчэ каля двух месяцаў.

Праект зацвердзяць у пачатку 2026 года. Будаваць свідравіны будуць яшчэ два-тры месяцы.

Па словах дырэктара Скідзельскай ЖКГ Дзмітрыя Шышко, «віны ЖКГ» у сітуацыі, якая склалася, няма. «Ніхто не мог прадбачыць», што такая праблема здарыцца, таму што ў свідравіны «не зазірнеш». Шышко дадае, што ў раёне працуюць і больш старыя свідравіны яшчэ з 60-х гадоў. І яны «нармальна функцыянуюць».

Паставяць фільтры і бочкі з пітной вадой: што вырашылі на сустрэчы жыхароў і ЖКГ?

Супрацоўнікі ЖКГ патлумачылі, што вада мутнее з-за акіслення. Раней вадкасць праходзіла праз станцыю абезжалезвання — цяпер не. У вадзе перавышаны паказчык жалеза. Піць яе нельга. Таму ў садзе і школе паставяць дадатковыя фільтры.

Жыхары адзначылі, што ў аграгарадку можна паставіць бочкі з пітной вадой.

Таксама ў ЖКГ запэўнілі, што будуць паведамляць мясцовым аб «кожным пройдзеным этапе» будаўніцтва свідравін.

Чытайце таксама: У пасёлку Берагавым затапляе дамы, а школьнікі чакаюць аўтобус гадзінамі. Што чыноўнікі адказалі яго жыхарам?