У Гродзенскай вобласці расце колькасць людзей, якія заняты ў эканоміцы. Рост забяспечваюць асобныя раёны. Верагодна, вакансіі закрываюць за кошт іншаземцаў, якіх бяруць на працу мясцовыя прадпрыемствы.

Занятасць насельніцтва Гродзенскай вобласці ў эканоміцы расце. У жніўні 2025 года працавала 435,2 тыс. чалавек. Са снежня 2024 года дадалося каля 800 чалавек.

Рост ідзе за кошт станоўчай дынамікі ў Ваўкавыскім, Лідскім, Карэліцкім, Астравецкім, Ашмянскім, Смаргонскім і Шчучынскім раёнах.

Верагодна, рост забяспечваюць не толькі за кошт мясцовых жыхароў. «Гродзенская праўда» паведамляе, што на шклозаводзе «Нёман» у Лідскім раёне працуе брыгада спецыялістаў з Егіпта.

Згодна з інфармацыяй газеты, на заводзе працуе як мінімум пяць замежных супрацоўнікаў. Знайсці працу па спецыяльнасці ў Егіпце ў людзей не атрымалася, таму яны адгукнуліся на вакансію «Нёмана». Цяпер спецыялістаў залічылі ў штат. Яны працуюць у гарачым цэху.

Да канца кастрычніка «Нёман» чакае яшчэ шэсць супрацоўнікаў з Егіпта. Яны будуць працаваць выдувальшчыкамі і шліфоўшчыкамі.

Навошта прадпрыемствы працаўладкоўваюць замежнікаў?

Са жніўня 2024 па ліпень 2025 недахоп супрацоўнікаў у вобласці вырас на 18%. Так летам гэтага года ў рэгіёне было 23 517 вакансіі. Некаторыя працоўныя месцы не атрымліваецца закрыць, таму што на месцах усё яшчэ праходзяць звальненні па палітычных матывах. А пры працаўладкаванні, напрыклад на «Гродна Азот», суіскальнікі павінны праходзіць праверку.

Як вынік — прадпрыемствам даводзіцца шукаць новых супрацоўнікаў, каб тэрмінова закрыць вакансію. Так у верасні 2025 «Цэмбуд» апублікаваў вакансію з паметкай «тэрмінова». А на «Гродна Азот» са 195 вакансій практычна палову не маглі закрыць год.

Чытайце таксама: Белстат: мужчын у Гродне і вобласці становіцца менш