Сілавікі затрымалі некалькіх удзельнікаў конкурсу трэш-блогера Mellstroy, які заклікаў рэкламаваць свой праект Mellstroy.game і абяцаў кватэры за лепшыя ролікі.
Mellstroy.game: кватэры, аўто і чэлендж у TikTok
Некалькі дзён таму блогер абвясціў конкурс крэатыўных відэа ў TikTok. Ён заклікаў піярыць праект анлайн-казіно Mellstroy.game, які запусціўся на пачатку кастрычніка 2025 года і звязаны з букмекерскай канторай 1Win. Блогер займаецца яго прасоўваннем. Ён абяцаў цягам месяца штодзень набываць кватэру ціктокеру, відэа якога больш за ўсё яму спадабаецца, а таксама раздаваць промакоды на $ 1 млн і аўтамабілі на $ 3 млн.
Пасля гэтага ў TikTok людзі сталі рабіць розныя шалёныя рэчы: маляваць на зубах, біць татуіроўкі, размалёўваць пашпарты. За першы тыдзень тэг чэленджу сабраў тысячы публікацый. Некаторыя відэа ўдзельнікаў набіраюць па 100−500 тысяч праглядаў.
Супрацоўнік МНС з Гродна і праўладны блогер
Беларусы таксама далучыліся да чэленджу.
Напрыклад, супрацоўнік МНС з Гродна зняцца ў відэа паклікаў пажарную брыгаду. Відэа, мяркуючы па ўсім, знялі на тэрыторыі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 5 пры Хімвалакне. Ролік у TikTok набраў 47 тысяч праглядаў.
Таксама да чэленджу далучыўся і праўладны блогер ПалВаныч. У каментарыях, праўда, пачалі абурацца, што ён рэкламуе казіно.

Беларускія сілавікі затрымліваюць удзельнікаў конкурсу
Мінская міліцыя ў Telegram-канале паведаміла пра парушэнні, звязаныя з удзелам у конкурсе блогера.
«Імкненне да хуткай славы і лёгкага выйгрышу штурхае маладых людзей на хуліганства, несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, псаванне чужой маёмасці і стварэнне перашкод для руху транспарту. Гэтыя дзеянні ўдзельнікі здымаюць на відэа і выкладваюць у інтэрнэт», — гаворыцца ў паведамленні.
Па кожным факце сілавікі правялі праверку, а ўдзельнікаў ідэнтыфікавалі і «прымянілі да іх меры, прадугледжаныя законам».
Блогер Mellstroy — гэта ўраджэнец Гомеля Андрэй Бурым. У яго 3,6 мільёна падпісчыкаў у TikTok і 3 мільёны ў Instagram.
Скандальную вядомасць ён атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну, піша «Наша Ніва». Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода папраўчых работ і штраф. Перыядычна Бурыма абвяшчаюць у вышук у Беларусі і Расіі, тады блогер хаваецца за мяжой. У дачыненні да яго ў нашай краіне распачата крымінальная справа. Меркавана, за ўхіленне ад службы ў беларускім войску. А таксама ў ААЭ — за абразу наведвальніка клуба.