Жыхары рэгіёна могуць падаць ідэі на конкурс праектаў. Важны крытэрый — трэба быць паўналетнім і пастаянна пражываць у той мясцовасці, дзе будзе рэалізавана ідэя. Прыём праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на 2026 год аб’явіў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.

Як падаць заяўку

Праекты прымаюць з 20 кастрычніка па 31 снежня 2025 года. Іх можна адправіць на паперы па адрасе: г. Гродна, вул. Ажэшкі, 3, каб. 408, ці ў электронным выглядзе ў PDF на [email protected] (з пазнакай «Праект грамадзянскай ініцыятывы»). Усе неабходныя дакументы можна знайсці на сайце Гродзенскага аблвыканкама.

Да праекта трэба дадаць:

  • заяўку з асабістымі звесткамі і кантактамі,
  • згоду на апрацоўку персанальных звестак,
  • лісты падтрымкі,
  • пры неабходнасці — аналітычную запіску, карты і іншыя матэрыялы, якія дапамогуць рэалізаваць ідэю.

Пасля папярэдняга разгляду ў абласным Савеце лепшыя праекты пройдуць конкурсны адбор.

Як будуць ацэньваць праекты грамадзянскіх ініцыятыў у Гродзенскай вобласці

Камісія будзе ацэньваць праекты па шасці крытэрыях:

  • абгрунтаванасць ідэі,
  • сацыяльны і эканамічны эфект,
  • завершанасць,
  • навізна,
  • дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі,
  • вырашэнне вострых праблем.

Балы сумуюць, праекты з нулявой ацэнкай да конкурсу не дапусцяць. Пры роўных балах перавагу атрымліваюць больш інавацыйныя і сацыяльна значныя праекты.

Калі бюджэту, выдзеленага на конкурс, хопіць, то прафінансуюць усе праекты, якія прайшлі адбор. Пры недахопе сродкаў выйграюць праекты з найбольшай колькасцю балаў.

Вынікі апублікуюць на сайце Гродзенскага аблвыканкама і ў газеце «Гродзенская праўда», а выканаўцаў праектаў прызначыць аблвыканкам.

Читайце таксама: Як адрозніваецца падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў у Беларусі і Польшчы

Якія праекты перамаглі ў мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці

Сярод іх не было ніводнай з рэалізацыяй у Гродне. Усе праекты адносіліся да іншых гарадоў і аграгарадкоў Гродзенскай вобласці.

Пераможцамі сталі 13 ініцыятыў. Сярод іх, напрыклад, «80 салютаў Перамогі» ў Лідзе. Гэта была ідэя Маладзёжнага парламента пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў. Яна ўключала ў сябе размяшчэнне банераў з фота і інфармацыяй пра жыццё лідчан і працу прадпрыемстваў у пасляваенныя гады.

Таксама сярод пераможцаў было шмат праектаў па добраўпарадкаванні тэрыторый. Напрыклад, у аграгарадку Гіркі Воранаўскага раёна, адраджэнне парку ў аграгарадку Пагародна таго ж раёна. У Навагрудку з’явіўся інклюзіўны гульнявы комплекс, а ў Карэлічах — скейт-пляцоўка.