Жыхара Гродна высялілі з арэнднага жылля за даўгі. Мужчына запазычыў больш за 3,2 тысячы рублёў і амаль два гады не плаціў за кватэру і камунальныя паслугі. Увесь гэты час ён быў за мяжой і ў Беларусь не прыязджаў.
Як паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс», гродзенец працаздольнага ўзросту, ён быў уключаны ў спіс «дармаедаў».
У разлікова-даведачным цэнтры № 5 расказалі, што супрацоўнікі спрабавалі звязацца з мужчынам праз месенджары, папярэджвалі пра наступствы нявыплаты, а потым дакументы аб запазычанасці накіравалі ў суд. Рашэнне суда добраахвотна мужчына не выканаў. Таму арэнднае жыллё вырашылі забраць. У прысутнасці судовых прыставаў дзверы ў кватэры ўзламалі.
Гродзенец на сваё «завочнае» высяленне не прыехаў.
Паводле закона, адсутнасць па асноўным месцы жыхарства не вызваляе жыльца ад абавязкаў па аплаце жыровак, а пры запазычанасці ў два месяцы — у жыллі могуць адключыць электраэнергію і каналізацыю. Калі запазычанасць у шэсць і больш месяцаў - могуць выселіць з кватэры. У выпадку, калі жылое памяшканне знаходзіцца ва ўласнасці, яго выстаўляюць на публічныя таргі для пагашэння доўгу.