Турыстка з Казахстана пабывала ў Гродне і падзялілася ўражаннямі ў Threads, назваўшы абласны цэнтр «невялікім, правінцыйным мястэчкам». Пост выклікаў бурную рэакцыю: беларусы абурыліся, а некаторыя прызналі, што ў словах госці пра правінцыйнасць ёсць доля праўды.

Посты і каментары нязначна адрэдагаваныя для зручнасці чытання.

«Пасля Мінска мы паехалі ў горад Гродна. Невялікі, правінцыйны гарадок. Вельмі прыгожы, утульны. Глядзелі, як запальваюць на вуліцах ліхтары. Слухалі музыкаў. Елі дранікі, пілі мясцовыя напоі. Гродна мне спадабаўся незвычайным каларытам», — напісала падарожніца і выклала некалькі фотаздымкаў са сваёй прагулкі па абласным цэнтры.

У публікацыі таксама аказаліся здымкі з Брэста — у тым ліку кадр з ліхтаршчыкам, што выклікала яшчэ больш абмеркаванняў.

«Напхалі — я спакойная»: рэакцыя карыстальнікаў

— Зайшла паглядзець, як аўтарцы «напхаюць» за «невялікі правінцыйны гарадок Гродна». І як жыхары Брэста абурацца з-за ліхтаршчыка, які раптам стаў запальваць ліхтары ў Гродне. Напхалі. Я спакойная, — напісала адна з карыстальніц.

— Пакажыце мне тую назіральную пляцоўку ў Гродне, з якой відаць, як ліхтаршчык у Брэсце запальвае ліхтары, — іранізаваў іншы каментатар.

«Гродна — не правінцыя!»

Найбольшае абурэнне ў беларусаў выклікала «правінцыйнасць» Гродна.

— Вы сур’ёзна? Невялікі правінцыйны гарадок??? Блін, у Гродне 360 тыс. насельніцтва. Абласны цэнтр, старэйшы за Піцер, а Вы правінцыйны? Дзякуй, — здзівілася адна з каментатарак.

Іншая карыстальніца пацікавілася, адкуль прыехала турыстка, што так «неасцярожна адгукнулася пра найпрыгажэйшы горад Беларусі».

Карыстальнікі расказвалі пра гісторыю Гродна, архітэктуру, пра тое, што горад быў каралеўскай рэзідэнцыяй, згадвалі, што ў ім зараз жывуць больш за 360 тысяч чалавек, параўноўвалі з еўрапейскімі гарадамі, якія маюць падобную гісторыю і адзначалі, што іх ніхто не называе правінцыйнымі.

город улица советская 06
Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life Hrodna.life

— Як мяне замілоўваюць гэтыя турысты, якія прыязджаючы ў нашу краіну называюць усе вялікія гарады «невялікімі і правінцыйнымі». У такім выпадку Цвер, Перм, Казань і іншыя — гэта таксама глухая правінцыя… А, і Смаленск яшчэ ўспомніла…, — абурылася яшчэ адна беларуска.

Яшчэ адна карыстальніца адзначыла, што пост у цэлым атрымаўся добрым, але ўсё ўражанне перакрэслілася двума словамі - «правінцыйны гарадок».

Іншая карыстальніца паказала аўтарцы, што тая пераблытала Гродна і Брэст, маючы на ўвазе фота з ліхтаршчыкам. І дадала, што Беларусь — невялікая краіна з адным горадам-мільённікам, і гэта Мінск. А Гродна — горад не маленькі.

Яшчэ адна дзяўчына адзначыла, што ёй няма чаго дадаць да іншых адказаў і сказала:

— Люблю Гродна ўсёй душой, адзін з самых прыгожых, атмасферных гарадоў, у якім прайшла палова майго жыцця.

«Гродна — гэта проста вялікая вёска»: меркаванне апанентаў

Але былі і тыя, якія пагадзіліся з правінцыйнасцю Гродна:

— Госпадзі, пачытаўшы каментарыі, успомніла, чаму ўсё жыццё хацела з РБ зваліць. Такой колькасці агрэсіўных калгаснікаў мала дзе ўбачыш. Жыла я неяк пару месяцаў у гэтым расхваленым Гродне і гэта нават горш за правінцыйны горад. У цэнтры пару прыгожых старадаўніх будынкаў, пройдзеш 3 км і адразу акунаешся ў напаўразбураны савок. Сумна і нецікава, — напісала дзяўчына.

Вид на центр Гродно. Фото: STRT LFA, unsplash.com
Від на цэнтр Гродна. Фота ілюстрацыйнае: STRT LFA, unsplash.com

Некаторыя цяперашнія жыхары горада таксама прызналі, што Гродна складана назваць сучасным мегаполісам.

— Усім прывітанне, я жыву ў Гродне. Пацвярджаю — гэта невялікі правінцыйны гарадок. Давайце яшчэ накідайце пра сталіцу ВКЛ, абласны цэнтр і сотні тысяч жыхароў, — напісаў гродзенец.

— З цябе такі гродзенец як з дупы самавар, сакалоў наехаўшы, — парыраваў іншы карыстальнік.

На што хлопец сказаў, што гэта «рэакцыя тыповага ўшчэмленага правінцыяла» і адзначыў, што Гродна — «гэта проста вялікая вёска. Якая з калішняй сталіцы ВКЛ так і не змагла вырасці больш ні ў якую сталіцу».

— Не не змагла, а не далі, — адказаў іншы гродзенец.