У Еўрапарламенце назвалі пераможцаў прэміі імя Сахарава. Імі сталі гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглобелі. За сваю прафесійную дзейнасць яны знаходзяцца ў зняволенні.

Нагадаем, 16 кастрычніка Еўрапарламент назваў фіналістаў прэміі імя Сахарава 2025 года. Сярод іх — гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут і грузінская журналістка Мзія Амаглобелі. Акрамя іх, намінантамі сталі журналісты і гуманітарныя работнікі з Палесціны, а таксама сербскія студэнты, якія пратэстуюць супраць абмежаванняў акадэмічных свабод.

Кандыдатуры падтрымалі найбуйнейшыя фракцыі парламента. Дэпутаты адзначылі сімвалізм намінацыі: абодва журналісты падвергліся рэпрэсіям, а сітуацыя ў Грузіі нагадвае беларускі рэжым.

Прэмія Сахарава, заснаваная ў 1988 годзе, прысуджаецца за ўнёсак у абарону правоў чалавека і свабоду слова. У 2020 годзе яе атрымалі лідары дэмакратычнай Беларусі і беларускі народ.

Анджэй Пачобут атрымаў прэмію імя Сахарава
Святлана Ціханоўская з партрэтам Анджэя Пачобута на сесіі Еўрапарламента. Фота: скрын з відэа

Хто такі Анджэй Пачобут

Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года.

Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыя, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».

Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага 2023 года — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасля вызвалення Пачобута. Нядаўна лідарка Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася з Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі. Сустрэча доўжылася каля паўтары гадзіны.