Гродзенка ў Threads сабрала цэны на навагоднюю ноч у забаўляльных установах Гродна. Частка пунктаў грамадскага харчавання працаваць не будзе, а астатнія прапануюць святкаванні ад 390 рублёў з чалавека. Праўда, не ўсе ўстановы адказалі на запыт гродзенкі.

«Мы з сябрамі вырашылі разгледзець варыянт святкавання ва ўстанове, вось цэны на сённяшні дзень, можа камусьці цікава, — напісала дзяўчына, — Частка з гэтай сумы ідзе на забаўляльную праграму, частка на меню. Практычна ўсюды са спіртных напояў — 0.5 шампанскага, ёсць магчымасць прынесці свой алкаголь, але дзейнічае коркавы збор».

Коркавы збор — гэта фіксаваная плата, якую рэстаран бярэ за тое, што госць прыносіць свой алкаголь. Збор пакрывае выдаткі на келіхі, посуд, адкрыццё бутэлек, прыбіранне і абслугоўванне афіцыянтам. Звычайна яго бяруць, калі ва ўстанове няма ліцэнзіі на моцны алкаголь ці госць хоча піць напой, якога няма ў меню.

У каментарах дзяўчына ўдакладніла, што ў некаторых гродзенскіх установах стравы ўжо зацверджаны і будуць для кожнага століка аднолькавыя. А дзесьці можна заказваць на суму з меню ўстановы. У кошт уваходзяць праграма (конкурсы, фатограф, дыджэй) і ежа з напоямі (40−60% ад кошту вечара).

Самае дарагое святкаванне Новага года ў Гродне — у «Кронане»

Навагодняя ноч у Kronon Park Hotel абыдзецца ў 950 рублёў на чалавека. Пры гэтым забраніраваць нумар у гатэлі на 29, 30 і 31 снежня ўжо немагчыма — усе даты закрытыя для анлайн-браніравання.

У гастрабары Soho (Савецкая, 18) свята абыдзецца ў 350 рублёў, у рэстаране Greenwich (Савецкая, 29) — 400−450 рублёў, у рэстаране Sherwood (Падольная, 37) — 390 рублёў. У гастрабары «Пятница» (Маставая, 31) — 300−350 рублёў, а ў лаўндж-бары «Мята» — каля 300 рублёў.

Мяркуючы па ўсім, цэны яшчэ папярэднія, а поўныя праграмы з’явяцца пазней. Установы іх яшчэ не анансавалі ў сваіх сацсетках ці на сайтах.

Але некаторыя ўжо запрашаюць правесці ў іх карпаратывы. Напрыклад, «Мята», Soho і Sherwood пачалі прыём заявак на навагоднія карпаратывы.

Хто не працуе ў навагоднюю ноч

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня закрытыя Insta Karaoke, Mr. Hops, Gastrobar BarDO (тут можна правесці карпаратыў у пераднавагоднія дні), «Вуглі», «Бакст», «Эхо» і «Боболи». Пры гэтым частка ўстаноў — напрыклад, «Эхо» і «Гудини» — ужо запрашаюць на карпаратыўныя вечарынкі. У «Гудыні» святочная праграма пройдзе з 26 па 30 снежня ў стылі 90-х.

Рэстаран Boboli neobistro таксама будзе закрыты. Але можна разгледзець варыянт начнога клуба побач — «Ворона», аднак умоў, як адзначыла гродзенка, пакуль ёй не скінулі.