Актывістка з Гродна Вольга Бондарава знайшла на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі тэкст пра рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Гэта матэрыял «Радыё Свабода», пасля 2020 года прызнанага экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкім фарміраваннем. Вольга абурылася — праз тыдзень публікацыя знікла.
Тэкст распавядаў пра Тодара Кляшторнага і пра тое, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года «ў безыменныя магілы злачынцы закапалі цвет нацыянальнай літаратуры». Была пазначана крыніца — «Радыё Свабода».
«Паважаны ГУБАЗіК МУС РБ і што з імі! У нас закон адзіны для ўсіх ці як? Хто адкажа за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і фэйкаў пра „Курапаты“?» , — напісала Бондарава, якая сама адбыла суткі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Праз тыдзень Вольга напісала: запіс знік. «Вось цікава, ці паўстала адказная за вядзенне сайта асоба перад законам, або #гэтаіншае?" — задаецца яна пытаннем.
Кляшторны быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальную супольнасць «ТАВІЗ» («таварыства аматараў выпіць і закусіць»). НКУС прысудзіў яго 29 кастрычніка 1937 як «сябра антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Яго расстралялі ў ноч на 30 кастрычніка 1937 год разам з яшчэ 50 дзеячамі навукі і культуры БССР. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.