40-гадовага жыхара Лідскага раёна вінавацяць у махлярстве. Мужчына некалькі гадоў падманваў людзей, абяцаючы добраўпарадкаваць магілы, але не збіраўся гэтага рабіць.
UPD 27 лістапада. Мужчына прызнаў віну. Аказалася, яго ўжо асудзілі за тое ж злачынства на 5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых велічынь з адтэрміноўкай на 3 гады. Улічваючы гэта, паводле ч. 3 і ч. 4 арт.209 КК суд прызначыў яму 6 гадоў калоніі і штраф 16 200 рублёў. Таксама задаволілі іскі пацярпелых.
З 2018 па 2025 год ён атрымліваў грошы «ў доўг» пад выглядам аплаты за добраўпарадкаванне пахаванняў у Лідскім, Іўеўскім, Шчучынскім, Воранаўскім раёнах і Гродне. А потым не выконваў абяцанняў і траціў грошы па сваім меркаванні.
Такім чынам пацярпелі 15 чалавек. Сума шкоды склала каля 115 тысяч рублёў, паведамляе сайт Генпракуратуры.
Раней мужчыну ўжо судзілі за падобныя злачынствы. Цяпер у дачыненні да яго зноў распачалі новую крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. А менавіта — завалоданне маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам, здзейсненае паўторна, у буйным і асабліва буйным памерах. Пракуратура накіравала матэрыялы ў суд, а меру стрымання змянілі — замест падпіскі аб нявыездзе яго ўзялі пад варту. Паводле ч.3 і ч.4 арт.209 КК яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.



