Попыт на навагоднія паездкі ў Беларусь у расіян гэтай зімой рэзка вырас. Тураператары адзначаюць актыўны рост продажаў і браніраванняў, асабліва ў санаторыі і экскурсійныя туры. Эксперты прагназуюць, што сапраўдны пік цікавасці пачнецца пасля лістападаўскіх свят, калі турысты пачнуць канчаткова планаваць зімовыя канікулы. Пра гэта паведамляе сайт расійскай Асацыяцыі тураператараў АТОР.

Куды едуць расіяне ў Беларусь на навагоднія святы

Паводле звестак расійскіх тураператараў, на навагоднія святы расійскія турысты найчасцей выбіраюць санаторыі — на іх прыпадае каля 80% усіх браніраванняў.

На другім месцы — экскурсійныя туры, якія займаюць каля 17% продажаў. Расіяне бранююць як паездкі па Мінску, так і маршруты па беларускіх славутасцях — Мір, Нясвіж, Брэст і Гродна. Менавіта санаторныя і экскурсійныя туры паказваюць найбольшы рост.

Найменшая доля продажаў прыпадае на браніраванне гарадскіх гатэляў - каля 3−5%.

Узімку расійскія турысты аддаюць перавагу класічным экскурсіям па краіне. Значнага ажыятажу вакол паездак да беларускага Дзеда Мароза няма, хоць цікавасць да іх захоўваецца. Разам з паездкамі ў Белавежскую пушчу турысты бранююць туры і да палескага Дзеда Мароза — Зюзі, які прымае гасцей у нацыянальным парку «Прыпяцкі».

Туры ў Беларусь для расіян падаражэлі

Паводле звестак расійскіх тураператараў, у параўнанні з мінулым зімовым сезонам экскурсійныя туры ў Беларусь для расіян падаражэлі на 10−15%. Тарыфы ў санаторыях падняліся на 10−20%.

Туры ў Беларусь на зімовыя канікулы каштуюць у сярэднім ад 60 да 124 тыс. руб (ад 2200 беларускіх рублёў да 4500) за 4−5 дзён у залежнасці ад праграмы, без уліку дарогі.

З’ездзіць у госці да Зюзі можна ад 55,8 тыс. рублёў (каля 2000 беларускіх рублёў) за 3 дні. Чатырохдзённы тур у Брэст і Белавежскую пушчу з наведваннем маёнтка Дзеда Мароза каштуе ад 95 тыс. руб (3500 тысяч беларускіх рублёў) на дваіх без уліку праезду да Беларусі.

Дэфіцыт месцаў у беларускіх гатэлях на Новы год чакаецца ўжо ў лістападзе

На сайце расійскай Асацыяцыі тураператараў нагадваюць, што ў Беларусі абмежаваны нумарны фонд, таму на святочныя даты месцы ў гатэлях разбіраюць загадзя. Паводле прагнозаў расійскіх тураператараў, у Мінску дэфіцыт нумароў на навагоднія святы пачнецца ўжо да канца лістапада.

Найбольшы попыт традыцыйна прыпадае на перыяд з 31 снежня па 2 студзеня — гэтыя даты запаўняюцца першымі. Ужо цяпер у папулярных гатэлях сталіцы, такіх як «Мінск», «Юбілейны», «Эрмітаж» і «Беларусь», большая частка нумароў распрададзена.

Хутчэй за ўсё разыходзяцца прапановы ў гасцініцах 3−4 зоркі.

Пра дэфіцыт у гатэлях іншых гарадоў на сайце не сказана, але, хутчэй за ўсё, такая ж сітуацыя з гатэлямі будзе і ў Гродне, які расіяне актыўна наведваюць некалькі апошніх гадоў.