У Гродне бацька жорстка збіў свайго сына з-за праблем з паводзінамі ў школе. На наступны дзень настаўнікі заўважылі сінякі і адвялі хлопчыка ў медпункт. Урачы вырашылі, што стан дзіцяці сур’ёзны, і шпіталізавалі.

У школьніка выявілі чэрапна-мазгавую траўму і шматлікія сінякі на шыі, плячах, сцёгнах і жываце. Медыкі аднеслі гэтыя траўмы да лёгкіх, але яны ўсё роўна прывялі да разладу здароўя, паведамляе «Гродна Плюс».

Пасля праверкі пракуратура распачала супраць бацькі крымінальную справу за збіццё дзіцяці.

Следчыя дадуць прававую ацэнку яго дзеянням. Пацярпелы хлопчык і яго два малодшыя браты прызнаныя тымі, хто мае патрэбу ў абароне — іх забралі з сям'і і часова размясцілі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры.

UPD: Бацьку абвінавачваюць у наўмысным прычыненні пашкоджанняў

Судмедэксперты ўстанавілі, што школьнік атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні. Цяпер бацьку інкрымінуюць арт. 153 КК (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання дзіцяці).

Таксама стала вядома, што раней мужчну ўжо прыцягвалі да адказнасці за хуліганства.

Пацярпелы адмовіўся пісаць заяву на бацьку, таму што ён — адзіны законны прадстаўнік. Маці хлопчыка памерла.

Школьнік непаўналетні. Таму пракурор узбудзіў крымінальную справу прыватнага абвінавачання. Пра гэта паведаміла Генпракуратура Беларусі 23 кастрычніка — праз тры дні пасля таго, як медыя распавялі аб інцыдэнце.