Беларусы і замежнікі на мяжы з ЕС адзначаюць узмоцненыя праверкі: сілавікі правяраюць тэлефоны, бяруць допыты і здымаюць размовы на камеру. У асобных выпадках затрыманых судзяць за ўдзел у пратэстах, як гэта было з відеаблогеркай Каралінай Канановіч, якую затрымалі пры ўездзе ў Беларусь і адправілі ў СІЗА. Пасля выхаду на волю яна з’ехала з краіны.
Журналісты BGmedia вывучылі, што на мінулым тыдні і ў пачатку гэтага пісалі карыстальнікі прыгранічных Telegram-чатаў пра праверкі тэлефонаў і допыты на беларускай мяжы.
Арфаграфія і пунктуацыя паведамленняў выпраўленыя з захаваннем сэнсу, а некаторыя з іх скарочаныя.
На мяжы Беларусі сілавікі дапытваюць студэнтаў
Беларус, які вучыцца на мастака ў Еўропе, расказаў, як дапытвалі людзей на выездзе з Беларусі ў Літву 1 кастрычніка:
«У пункце пропуску РБ частку пасажыраў выводзілі ў канферэнц-залу і задавалі ўсялякія пытанні. Хто, адкуль, куды і з якой мэтай. Чаму ў Польшчу праз Літву і г. д. У асноўным бралі студэнтаў і хлопцаў такога ўзросту. У цэлым усё прайшло добра і нікога не знялі.
Нас на рэйсе едзе тры мастакі — усіх выцягнулі на гэтую гутарку. Пыталіся пра карціны, пра спецыяльнасць, пра сям’ю, чаму ў РБ не паступілі. Адну з дзяўчат нават спыталі пра хлопца… Пры самым заездзе пыталіся пра дэклараванне грошай.
У Літве хуценька спачатку [праверылі] пашпарты, стандартныя пытанні хто, куды і навошта, а затым рэчы на стужку. Дэталёва не разглядалі, пытанняў больш не задавалі".
На гутарку — «рэвалюцыянеры» і украінцы
У прыгранічных чатах пішуць, што на гутаркі адпраўляюць «рэвалюцыянераў», тых, хто трапіў у базу, тых, хто даўно не быў у Беларусі:
- «30 верасня ў 09.00 выезд з Вільні. У 13.00 выехалі з мяжы РБ. На РБ сканер усіх рэчаў. Рэвалюцыянеры і ўкраінцы — на допыт, як звычайна».
- «РП — РБ,
02.10.25. У 21.53 прайшлі пашпартны кантроль, чакаем астатніх з гутаркі. Тых, хто не быў у РБ больш за год, тых, хто ў базе, украінцаў. У 01.15 на выезд».
У асноўным удзельнікі чатаў без падрабязнасцей расказваюць пра допыты на мяжы. Вядома, што падчас іх сілавікі патрабуюць разблакаваць тэлефон. А ў тых, каго выклікалі на «гутарку», потым уедліва правяраюць асабістыя рэчы. І самі допыты займаюць шмат часу:
- «РП — РБ, 2 кастрычніка. Прыехалі на мяжу ў 15.00, было 0 аўтобусаў, літаральна за гадзіну прайшлі палякаў і заехалі адразу да беларусаў. Зараз выязджаем, доўга чакалі людзей з допытаў».
- «У 07.55 2 кастрычніка адправіліся ад аўтавакзала Вільні. З 09.20 да 10.15 быў пашпартны кантроль у беларускім пункце пропуску. 2 чалавекі з аўтобуса былі на гутарцы. У 12.05 прыехалі на вакзал у Мінску».
- «РП — РБ, 3 кастрычніка. У 08.30 выезд з Варшавы. Зараз прайшлі беларусаў, чакаем людзей з размоў».
- «РП — РБ, 4 кастрычніка. Затрымкі з боку беларусаў, таму што правяраюць уедліва ўручную багаж людзей пасля гутарак. Правярае толькі адзін чалавек. Перад намі так правяралі гадзіну прыкладна 15−20 чалавек».
- «РП — РБ, 6 кастрычніка. У 02.58 заехалі да палякаў, у 04.40 прайшлі пашпартны, у 05.45 прайшлі пашпартны РБ, потым гадзіну чакалі людзей з гутарак. Выехалі з мяжы ў 06.50».
- «РП — РБ, 6 кастрычніка. Уночы сама мяжа да 50 хвілін. Палякі ўдакладнялі пра падазроных людзей каля мяжы і нешта пра расклееныя плакаты, беларусы зноў прасілі паказаць тэлефон».
Замежнікі падрабязна распавядаюць пра допыты на мяжы Беларусі
Грамадзяне Украіны і Расіі не саромеюцца расказваць пра допыты на мяжы Беларусі. Асабліва калі дапытвалі іх сваякоў. Мужчына падзяліўся падрабязнасцямі допыту, які ўчынілі яго маме ўначы 6 кастрычніка ў пункце пропуску «Брэст»:
«Варшава — Брэст. Мама выехала 5 кастрычніка ў 23.50 па польскім часе. На польскім баку аўтобусаў у чарзе не было, адразу заехалі. У 6 раніцы па беларускім часе польскую мяжу прайшлі, у 7 гадзін беларускую прайшлі.
На польскім баку праверка дакументаў прайшла хутка, гутарка лёгкая. На беларускім пад запіс на камеру задавалі пытанні, сканавалі тэлефон, перапіску. Было шмат пытанняў, хацелі падрабязна ведаць, што рабіла ва Украіне, у каго жыла, ці размаўляла са спецслужбамі.
Мама была ў малодшай дачкі ўсе паўтара месяца, што чакала новы замежны пашпарт, рабіла рамонт. Пра новы замежны пашпарт не сказала, каб не было нечаканых роспытаў. Ехала па старым замежным пашпарце, тэрміны яшчэ дазваляюць. Удакладнялі, ці не замужам дачка. Гэта значыць, цікавіць толькі тэма зносін з ваеннымі, ці мае хтосьці ў сям'і дачыненне да ваенных. Звычайна мама ездзіць да сына ў Чэхію, і, калі вяртаецца з Еўропы, цікавасць беларусаў нашмат меншая, чым калі вярталася з Украіны".
Некаторых украінцаў у Беларусь не пускаюць
У пятніцу, 3 кастрычніка, у Беларусь не пусцілі грамадзянку Украіны. Ёй паставілі ў пашпарт штамп «уезд забаронены». Пра гэта ў прыгранічным чаце расказаў яе знаёмы:
«Добры вечар, сёння знаёмую ў Брэсце не прапусцілі, украінскія дакументы, не змагла даказаць, што едзе да мамы, прасілі фотку мамінага пашпарта. Увогуле, разгарнулі, у пашпарт паставілі забарону ўезду і дату сённяшнюю. Ці ёсць сэнс спрабаваць яшчэ раз і, калі ёсць сэнс, то праз які час? Можа хто сутыкаўся?»
Мужчыну патлумачылі, што яго знаёмая можа зноў паспрабаваць уехаць у Беларусь, але ёй трэба падрыхтавацца, каб яна прайшла праверку супрацоўнікаў КДБ:
- «Калі там толькі дата сённяшняга дня і няма тэрмінаў, то заўтра зноў можна будзе спрабаваць».
- «Гэта на сёння. Заўтра можна зноў ехаць. Толькі ўжо трэба падрыхтавацца: да каго, навошта, куды, на колькі, а тэлефон пазваніць туды і г. д.».

Гутаркі на мяжы і з расейцамі
Вядуць гутаркі на мяжы Беларусі і з грамадзянамі Расіі:
«1 кастрычніка ў 12:00 выезд з Латвіі, чаргі не было, пад навесам 1 аўто, там хвілін 20. Потым Беларусь: рэчы на сканер, 3 чамаданы + пара сумак + гутарка без пратакола з бяспечнікам [супрацоўнікам КДБ]. Усяго ў 13.10 выезд ад беларусаў. У мяне ВНЖ Іспаніі і пашпарт РФ».
Часцей за ўсё ў прыгранічных чатах пішуць пра допыты грамадзян Украіны на ўездзе ў Беларусь. Прычым мытнікі правяраюць іх рэчы ўручную, тады як беларусаў — праз стужку і сканер:
- «Прага — Мінск, 1 кастрычніка. У 06.00 заехалі да беларусаў. У 11.00 выехалі на Брэст. 7−8 грамадзян Украіны, чакалі з гутаркі».
- «РП — РБ, 4 кастрычніка. У 20.50 запусцілі на пункт пропуску ў РБ. У 21.25 прайшлі пашпартны. У 21.50 пачалі праходзіць мытны, усіх украінцаў правяралі ўручную, астатніх на стужку, адзін чалавек правяраў. У 23.00 выехалі ў Брэст».
- «РП — РБ, 5 кастрычніка. У 07.02 заехалі ў двор РБ. У 07.30 выйшлі з пашпартнага кантролю, чакаем украінцаў з гутарак. У 08.10 заехалі ў РБ».
- «Варшава — Мінск,
05.10.25 у 23.00 выехалі. У 06.35 выязджаем з мяжы. Гэта з улікам размовы двух грамадзян Украіны». - «РП — РБ, 6 кастрычніка. У 03.30 праверка пашпартоў у аўтобусе ў РБ. У 04.30 пашпартны кантроль і мытня (сабака + ручны дагляд, часткова праз сканер). У 05.05 селі ў аўтобус і чакаем украінцаў. У 05.37 паехалі ў Брэст».