Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна прыйшлі да маці гродзенскага журналіста і прадпрымальніка Андрэя Мялешкі. Яны прасілі маці і сястру перадаць яму, каб гродзенец звярнуўся ў так званую камісію па вяртанні. Пра гэта журналіст расказаў на сваёй Facebook-старонцы.

«Не даждёцеся ку*вы», — пракаментаваў просьбу сілавікоў Мялешка.

Журналісту таксама стала вядома, з-за якога крымінальнага артыкула сілавікі прыйшлі да ягонай маці. У адносінах да Мялешкі завялі тры крымінальныя справы па арт. 361−1 «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім», арт. 361−2 «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і арт. 361−4 «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Пра крымінальны пераслед вядома толькі са слоў сілавікоў - сям'і журналіста дакументы на рукі не далі, піша «БАЖ». Таксама Мялешка не ведае, пра якое экстрэмісцкае фарміраванне ідзе гаворка. Па словах супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, гаворка ідзе пра два інтэрв'ю журналіста ў 2023 і 2024 гадах медыя, якіх у Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Андрэй Мялешка — журналіст недзяржаўных медыя. З’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, калі яго выклікалі на допыт адразу тры службы. Жыў у Грузіі з сям’ёй. Адкрыў там краму беларускай сімволікі.

У верасні 2024 года Мялешку не ўпусцілі ў Грузію, калі ён вяртаўся туды з Польшчы. Разам з ім была непаўналетняя дачка Аляксандра. У дакументах, якія прадставілі спецслужбы Грузіі, прычына аб забароне на ўезд у краіну не тлумачылася.

Цяпер журналіст разам з дачкой жыве ў Польшчы.

Чытайце таксама: Купа грошай з шуфляды і кім прыходзіцца гарадзенец гарадзенцу. Бізнесмены ў эміграцыі - аб (не)супадзеннях чаканняў і рэальнасці